Салігорскі „Шахцёр” забяспечыў сабе бронзу



Салігорскі „Шахцёр” у нядзелю забяспечыў сабе бронзавыя ўзнагароды футбольнага чэмпіянату краіны. Падначаленым Сяргея Нікіфарэнкі для гэтага патрэбна было адолець у гасцях менскую „Іслач” і салігорцы ўпэўнена далі рады гэтаму заданню. Першы тайм матчу, які праходзіў у Маладэчне, аднак галоў не прынёс. А ў другой палове „гарнякі” узялі быка за рогі. На 58-й хвіліне вызначыўся лепшы снайпер „Шахцёра” Мікалай Януш, на 67-й Ігар Бурко забіў другі мяч, а на 71-й Аляксандр Юрэвіч фактычна зняў пытанні. Усё, на што злаўчылася „Іслач” – гол прэстыжу ад Кротава на 84-й хвіліне. Выніковыя 3:1 на карысць салігорцаў.

Гарадзенскі „Нёман” прымаў на сваім, яшчэ зялёным і бясснежным, газоне іншага прэтэндэнта на медалі – менскае „Дынама”. У першым тайме абаронцы гарадзенцаў гулялі так, што іх варта было б пазбавіць заробку як мінімум за тыдзень. Дынамаўцы забівалі, карыстаючыся такой расхлябанасцю. „Нёман” даганяў. На перапынак пайшлі пры ліку 2:3. У другім тайме гаспадары поля мелі шанцы параўняць лік, але не скарысталіся імі. У канцы сустрэчы здарыўся скандальны эпізод, калі брамнік гаспадароў Сяргей Курганскі знёс у сваёй штрафной форварда дынамаўцаў Глеба Рассадкіна, але суддзя не прызначыў пенальці. У выніку ж пратэсту быў выдалены з капітанскага мосціка галоўны трэнер бела-блакітных Сяргей Бароўскі.

„Нёман” – „Дынама” (Менск) –2:3 (Уладзімір Карыцька, 6-я, з пенальці, Уладзімір Хвашчынскі, 27-я, Арцём Чалядзінскі, 37-я; Філіп Рудзік, 10-я, Артур Бомбель, 40-я).

Становішча лідараў у табліцы зараз такое: БАТЭ – 67 ачкоў, „Шахцёр” (Салігорск) – 55, „Дынама” (Менск) – 52, ФК „Мінск” – 47, „Тарпеда” (Жодзіна) – 46. Да канца чэмпіянату засталося два туры.

Беларускае Радыё Рацыя