Самсонаў не змог прабіцца ў 1/4 фіналу Сусветнага тура па настольным тэнісе



Беларус Уладзімір Самсонаў не змог прабіцца ў чвэрцьфінальную стадыю вырашальнага этапу Сусветнага тура па настольным тэнісе, які праходзіць у Астане.

15 снежня лідар беларускай зборнай у 1/8 фіналу сустракаўся з прадстаўніком Кітайскага Тайбэя Чунг Тын Вонгам і прайграў два стартавыя сэты: 3-11 і 10-12. Затым Уладзімір Самсонаў праявіў зайздросную стрыманасць, перахапіў ініцыятыву і параўняў вынік па партыях – 3:3. У вырашальным сэце 41-гадовы беларус змагаўся да апошняга розыгрышу, але ўсё ж уступіў свайму апаненту 9-11, прайграўшы ўвесь паядынак з агульным лікам 3:4. Гэты год Уладзімір Самсонаў завяршае на 18-м месцы сусветнага рэйтынгу.

У матчы за выхад у паўфінал Чунг Тын Вонг згуляе з нямецкім спартсменам Ціма Болем. З еўрапейскіх майстроў малой ракеткі ў чвэрцьфінал прабіўся яшчэ адзін прадстаўнік Германіі – Дзмітрый Аўчараў, а астатнія прадстаўляюць Азію.

Спаборніцтвы ў сталіцы Казахстана завершацца 17 снежня.

belta.by