Самсонаў прайграў Аўчарову на старце фіналу Кубка свету



Беларус Уладзімір Самсонаў няўдала стартаваў у фінале Кубка свету па настольным тэнісе ў кітайскім Чэнду. У першым паядынку папярэдняй групы А Уладзімір Самсонаў саступіў прадстаўніку Германіі Дзмітрыю Аўчарову – 2:4 (8:11, 5:11, 11:7, 7:11, 11:7, 6:11). У вырашальным матчы за выхад у плэй-оф сапернікам беларуса будзе Даніэль Хабесан з Аўстрыі, які на старце саступіў Дзмітрыю Аўчарову (3:4). У мінулыя гады Уладзімір Самсонаў, якому 43 гады, тройчы станавіўся ўладальнікам Кубка свету (1999, 2001, 2009).

Фрэдрык Юнгберг змяніў Унаі Эмеры ў „Арсенале”

Галоўны трэнер „Арсенала” Унаі Эмеры адпраўлены ў адстаўку. Спецыяліст пакінуў каманду разам са сваім штабам. Часова выконваючым абавязкі прызначаны Фрэдрык Юнгберг. Лонданцы не перамагаюць ўжо 7 матчаў ва ўсіх турнірах, гэта горшы вынік за 27 гадоў. Каманда не мела падобнай серыі за 22 гады (у 1996-2018 гадах) пад кіраўніцтвам Арсена Венгера. У гэтым сезоне лонданцы пасля 13 тураў АПЛ займаюць 8-е месца ў турнірнай табліцы, набраўшы 18 ачкоў.

Уладзіслаў Ганчароў, Іван Літвіновіч і Алег Рабцаў выйгралі золата ў камандных спаборніцтвах ЧС па скачках на батуце

Беларусы Уладзіслаў Ганчароў, Іван Літвіновіч і Алег Рабцаў выйгралі золата ў камандных спаборніцтвах чэмпіянату свету па скачках на батуце ў Японіі. Беларуская каманда зарабіла 180,390 пунктаў і апярэдзіла канкурэнтаў з Кітая, якія занялі другое месца, на 0,03 бала. Замкнулі тройку наймацнейшых расейцы, якія атрымалі 178,540 ачкі. Апошні раз такога поспеху на планетарных форумах беларускія атлеты ў дадзеным выглядзе праграмы дамагаліся 25 гадоў таму. 30 снежня адбудзецца фінал у мужчынскіх сінхронных скачках, дзе Беларусь прадставяць Уладзіслаў Ганчароў і Алег Рабцаў. У аналагічным выглядзе праграмы ў жанчын беларускі ў лік удзельніц вырашальных стартаў не патрапілі

Аляксандр Сачыўка працягнуў кантракт з салігорскім „Шахцёрам”

Аляксандр Сачыўка працягнуў кантракт з салігорскім „Шахцёрам”. „Цэнтральны абаронца працягнуў кантракт з нашым клубам да канца 2021 года. У бягучым сезоне футбаліст правёў за „Шахцёр” 34 сустрэчы ва ўсіх турнірах і забіў тры галы”, – гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага сайта клуба.

Крыўко, Алімбекава, Бачарнікаў і Смольскі складуць змешаны квартэт у эстафеце на першым этапе ў Эстэрсундзе

Як паведамляе biathlon_online, стала вядома, хто прадставіць беларускую зборную ў гонках першага дня на этапе ў шведскім Эстэрсундзе, якім адкрываецца сезон Кубка свету. У адзіночнай змяшанай эстафеце выступяць Ганна Сола з Мікітам Лабаставым. У змяшанай эстафеце Беларусь прадставяць Ірына Крыўко, Дынара Алімбекава, Сяргей Бачарнікаў і Антон Смольскі.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя