Сасновіч і Азаранка ўдала стартавалі на „Індыян Уэлсе”
Яшчэ дзве беларускія тэнісісткі паспяхова стартавалі на буйным тэнісным турніры ў амерыканскім горадзе Індыян-Уэлс.
У першым крузе Аляксандра Сасновіч (на сёння 49-я ракетка свету) у доўгім і драматычным змаганні адолела прадстаўніцу Польшчы Магду Лінет (61 нумар рэйтынгу). Лік па партыях 5:7, 7:6 (2), 7:6 (4). У другім сеце Лінет падавала на матч пры ліку 5:2 на яе карысць, але Сасновіч здолела дагнаць суперніцу і вырваць партыю на тай-брэйку. У трэцім вырашальным сеце таксама не абышлося без дадатковай тэніснай серыі „пенальці”. Аляксандра паспяхова сёлета грае на заключных адрэзках. У выніку перамагла менавіта Сасновіч.
Вікторыя Азаранка (зараз часова толькі 204-я ракетка свету) выйшла на корт супраць брытанкі Хізэр Уотсан (70-ы нумар ВТА) . Гульня Вікторыі пакуль, пасля доўгага перапынку, не мае ранейшай цэльнасці, але яе бясспрэчна больш высокі клас урэшце ўзяў верх. У першай партыі Азаранка выйграла 6:4, у другой больш упэўнена 6:2. Гэта быў першы выступ некалі першай ракеткі свету пасля лета 2017 года.
Працягне змаганне ў Індыян-Уэлсе і іншая беларуская прадстаўніца – Арына Сабаленка.
Беларускае Радыё Рацыя