Сасновіч і Калашнікава выйшлі ў 1/2 фіналу парнага разраду турніру WTA у Ганконгу
Беларуска Аляксандра Сасновіч і грузінская тэнісістка Аксана Калашнікава выйшлі ў паўфінал парнага разраду турніру катэгорыі WTA-250 у Ганконгу з прызавым фондам 259 тысяч даляраў.
У матчы чвэрцьфінальнай стадыі яны перамаглі ў дзвюх партыях нямецка-швейцарскі тандэм Юлія Лохоф / Коні Перэн – 7:5, 6:2. Пазней беларуская тэнісістка Лідзія Марозава і полька Катажына Пітэр паспрачаюцца за выхад у паўфінал з расейкай Мірай Андрэевай і амерыканкай Пэйтан Стэрнс.
Беларуская веласіпедыстка Ганна Церах выйграла другі этап шматдзёнкі ў Кітаі
У Кітаі працягваецца шматдзённая шашэйная велагонка „Тур вострава Чонгмін” з удзелам беларускіх спартовак. Шматдзёнка складаецца з трох этапаў, сёння на другім з іх дзяўчаты пераадольвалі дыстанцыю 128,6 км. Перамогу ў гонцы святкавала беларуская велагоншчыца Ганна Церах, гэта вікторыя стала для нашай спартоўкі першай у кар’еры ў рамках Сусветнага тура UCI. На стартавым этапе напярэдадні Церах фінішавала 20-й, але дзякуючы сённяшняму поспеху ўзнялася на першае месца ў агульным заліку велагонкі. Праўда, адрыў Ганны ад пераследніц перад апошнім суботнім этапам складае ўсяго некалькі секунд. Топ-10 генеральнай класіфікацыі „Тура вострава Чонгмін” замыкае яшчэ адна беларуска Таісія Насковіч.
Матч зборных Швейцарыі і Беларусі абслужыць партугальская брыгада арбітраў
Галоўным арбітрам паядынку кваліфікацыі ЕЎРА-2024 будзе Жуан Пінейру. Дапамагаць суайчынніку на лініях будуць Бруну Жэзуш і Лусіяну Мая. Матч Швейцарыя – Беларусь адбудзецца ў нядзелю, 15-га кастрычніка ў Санкт-Галене на стадыёне „Кібунпарк” і пачнецца ў 19.00 па менскім часе.
«Манчэстэр Сіці» хоча падпісаць Кроаса летам 2024-га
«Манчэстэр Сіці» зацікаўлены ў падпісанні паўабаронцы «Рэала» Тоні Кроаса летам наступнага года, паведамляе Mundo Deportivo.
Пераход можа адбыцца на правах свабоднага агента, бо тады ў немца скончыцца тэрмін дзеяння кантракта з мадрыдскім клубам.
Адзначаецца, што «Манчэстэр Сіці» гатовы плаціць Кроасу 15 млн еўра за сезон. У пераходзе Тоні зацікаўлены галоўны трэнер «гараджан» Пеп Гвардыёла, пад кіраўніцтвам якога футбаліст ужо гуляў у «Баварыі» ў сезоне 2013-14. Кроас выступае за «Рэал» з ліпеня 2014 года. У гэтым сезоне ён забіў 1 гол і аддаў 2 асісты у 11 матчах за клуб ва ўсіх турнірах.
Беларускае Радыё Рацыя