Сасновіч перамагла на старце кваліфікацыі тэніснага турніру ў Мадрыдзе



На адкрытых грунтавых кортах Мадрыда стартаваў кваліфікацыйны этап турніру катэгорыі WTA 1000. Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч, якая займае 92-е месца ў сусветным рэйтынгу, сустракалася ў першым раўндзе з іспанкай Джэсікай Бузас Манэйро, у якой 640-я пазіцыя, і перамагла ў трохсэтавым паядынку – 7:5, 4:6, 6:1. У вырашальным матчы за выхад у асноўную сетку суперніцай беларускі будзе нямецкая тэнісістка, 59-ы нумар сусветнага рэйтынгу, Лаура Зігемунд.

Брамнік польскага „Падхале” Ігар Брыкун выкліканы ў зборную Беларусі

34-гадовы брамнік Ігар Брыкун выкліканы ў трэніравальны лагер зборнай Беларусі. У мінулым сезоне Брыкун выступаў у чэмпіянаце Польшчы за „Падхале”. У рэгулярным чэмпіянаце брамнік правёў 10 матчаў (у5 перамог) пры 92,2% адбітых кідкоў. У плэй-оф на рахунку галкіпера 3 матчы. Брыкун – чатырохразовы чэмпіён Беларусі ў складзе „Нёмана” і „Юнацтва”. Тройчы Ігар прызнаваўся лепшым галкіперам чэмпіянату краіны. У той жа час, кэмп нацыянальнай каманды з-за траўмы пакінуў Іван Кульбакоў. У мінулым сезоне 24-гадовы Кульбакоў выступаў у КХЛ за „Сочы” і ў ВХЛ за „Іжсталь”, паведамляе hockey.by.

 

«Рэал» згуляў унічыю з «Чэлсі» ў паўфінале Лігі чэмпіёнаў

У першым паўфінальным матчы футбольнай Лігі чэмпіёнаў мадрыдскі «Рэал» згуляў унічыю з лонданскім «Чэлсі» – 1:1. Пачатак матчу цалкам быў за гасцямі. Яны адразу стварылі некалькі галявых момантаў, адзін з якіх завяршыўся галявым ударам Крысціяна Пулішыча. Зрэшты, даволі хутка «Рэал» адыграўся: на 29-й хвіліне Карым Бензема ўдарам з развароту трапіў у браму Мендзі — 1:1.  Далей каманды мелі некалькі магчымасцяў забіць, але лік так і не змяніўся. Цікава, што «Рэал» яшчэ ніколі ў гісторыі не перамагаў «Чэлсі». Акрамя нічыіх у Лізе чэмпіёнаў, «Каралеўскі клуб» правёў з «арыстакратамі» два матчы ў Кубку кубкаў у 1971 годзе: у першым матчы была зафіксавана нічыя 1:1, а ў другой сустрэчы перамог  „Чэлсі” 2:1. Таксама каманды правялі матч у Суперкубку Еўропы ў 1998 годзе – «Чэлсі» мінімальна перайграў «Рэал» 1:0.

 

У розыгрышы Кубка Беларусі-2021/22 згуляюць больш за 100 клубаў

У розыгрышы Кубка Беларусі сезона-2021/22 прымуць удзел больш за 100 клубаў. Турнір будзе складацца з васьмі раўндаў, якія пачынаюцца з 1/128 фіналу. У першых двух раўндах Кубка Беларусі бяруць удзел каманды трэцяга дывізіёна. У 1/32 фіналу далучаюцца клубы Д2. З 1/16 фіналу стартуюць каманды вышэйшай лігі, адзначае „Беларускі футбол”.

 

Паўабаронца „Ромы” Генрых Мхітаран можа перайсці ў „Ювентус”

Паўабаронца „Ромы” і зборнай Арменіі Генрых Мхітаран можа перайсці ў „Ювентус”. Агент Міна Раёла, які прадстаўляе інтарэсы Мхітарана, правёў сустрэчу са спартовым дырэктарам турынскага клуба. „Ювентус” праявіў цікавасць да футбаліста і паведаміў сваю прапанову. Чакаецца, што Мхітаран дасць адказ турынцам у бліжэйшы час. У 2019 годзе Мхітаран перайшоў з лонданскага „Арсенала” ў „Рому” на правах арэнды, а праз год падпісаў паўнавартасны кантракт з італьянскім клубам. З 2007 года хаўбек выклікаецца ў зборную Арменіі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя