Сасновіч прайграла ў 1/16 фіналу турніру WTA у Ганконгу
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч прайграла ў 1/16 фіналу адзіночнага разраду турніру катэгорыі WTA-250 у Ганконгу з прызавым фондам 259 тысяч даляраў. У сустрэчы першага раунда беларуска, якая займае 89-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіла 20-й ракетцы планеты бразільянцы Беатрыс Хадад Мае – 6:7 (3:7), 6:3, 6:7 (3:7).
503-і нумар сусветнага рэйтынгу беларус Ягор Герасімаў прабіўся ў другі раунд турніру ў кітайскім Шэньчжэне з прызавым фондам 130 тысяч даляраў. У трохсэтавым паядынку 1/16 фіналу беларус адолеў прадстаўніка Аўстраліі Лі Ту – 4:6, 6:4, 6:4.
„Северсталь” адправіла Паўла Дзянісава ў ВХЛ
Беларускі абаронца „Северсталі” Павел Дзянісаў камандзіраваны ў ВХЛаўскі фарм-клуб „Буран”. Разам з ім таксама адпраўленыя нападнікі Давід Думбадзэ і Максім Казакоў, а яшчэ абаронца Мікіта Макееў, – інфармуе прэс-служба клуба. Статыстыка Паўла Дзянісава ў сёлетнім чэмпіянаце КХЛ — 2 (2+0) ачкі, -1 карыснасці, 2 хвіліны штрафу, у сярэднім 10 хвілін 15 секунд гульнявога часу за сем матчаў.
Нарвежскія арбітры рассудзяць матч футбалістаў Беларусі і Румыніі
УЕФА назначыў суддзяў на чарговыя сустрэчы адборавага турніру чэмпіянату Еўропы. Матч футбалістаў зборных Беларусі і Румыніі, які адбудзецца заўтра ў Будапешце, будзе судзіць брыгада арбітраў з Нарвегіі. Галоўны суддзя – Эспен Эскос. У гульні першага круга спаборніцтваў у кваліфікацыйнай групе I беларусы саступілі румынам у Бухарэсце 1:2.
Уладзіслаў Мелько выбыў са строю да канца сезона
У гасцявым матчы чэмпіянату Беларусі з „Нафтанам” абаронца „Тарпеда”-БелАЗа атрымаў сур’ёзную траўму — разрыў пярэдняга крыжападобнага звязка калена. У бліжэйшы час Уладзіславу выканаюць аперацыю, пасля чаго ён пачне праходзіць курс рэабілітацыі. У гэтым сезоне абаронца больш не згуляе, перадае прэс-служба жодзінскага клуба.
Руні ўзначаліў «Бірмінгем»
«Бірмінгем» аб’явіў пра прызначэнне Уэйна Руні галоўным трэнерам каманды. Кантракт з 37-гадовым ангельцам разлічаны на 3,5 гады. Асістэнтамі Руні будуць Эшлі Коўл, Джон О’Шы, Карл Робінсан і Піт Шатлварт. Майк Тэйлар з трэнерскага штаба звольненага Джона Юстаса застаўся ў камандзе коучам брамнікаў. Апошнім клубам Руні быў «Дзі Сі Юнайтэд», які ён трэніраваў з ліпеня мінулага года. За два сезоны ён ні разу не змог вывесці каманду ў плэй-оф. Таксама ён працаваў у «Дэрбі Каўнці». «Бірмінгем» займае шостае месца ў Чэмпіёншыпе – 18 ачкоў у 11 матчах.
Беларускае Радыё Рацыя