Сасновіч прайграла ў 1/32 фіналу Уімблдона



Беларускія тэнісісткі праводзяць чарговыя сустрэчы Уімблдонскага турніру. Першай свой паядынак правяла Аляксандра Сасновіч, якая ў 1/32 фіналу прайграла чэшцы Петры Квітавай – 2:6, 2:6.

Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 15 хвілін. Таксама сёння Арына Сабаленка згуляе з прадстаўніцай Францыі Варварай Грачовай. Услед за ёй Вікторыя Азаранка будзе супернічаць з расійскай тэнісісткай Дар’яй Касаткінай.

Чмель працягнуў кантракт з БГК на тры гады

22-гадовы галкіпер Андрэй Чмель застаецца ў Берасце да 2026-га. Ён дэбютаваў за асноўную каманду ў сезоне-2020/21, але тады толькі двойчы трапляў у заяўку. Яшчэ шэсць матчаў правёў у розыгрышы-2021/22, а рэгулярна пачаў з’яўляцца на пляцоўцы ў мінулым чэмпіянаце. Прычым Андрэй стаў лепшым бамбардзірам сярод брамнікаў БГК: у 15 паядынках ён закінуў 3 мячы, гаворыцца ў паведамленні гандбольнага клуба з Берасця.

Цэнтральны абаронца Аляксей Залескі падпісаў кантракт з „Тарпеда”-БелАЗ

„Тарпеда”-БелАЗ папоўнілася гульцом, які раней выступаў за казахстанскі „Каспій”. Аб пагадненні паведаміла прэс-служба тарпедаўцаў. 28-гадовы цэнтральны абаронца ўжо гуляў у складзе „аўтазаводцаў” — у сезоне-2022 ён правёў за каманду з Жодзіна 27 матчаў.

Маладзёжная зборная Беларусі згуляе таварыскі матч з „Ротарам”

Спарынг з клубам з другой расійскай футбольнай лігі адбудзецца 11 ліпеня на натуральным полі Беларускай федэрацыі футбола. Стартавы свісток прагучыць у 19.00.

Прэзідэнту Бразіліі не падабаецца, што трэніраваць зборную будзе італьянец Карла Анчэлоці

«Анчэлоці ніколі не быў трэнерам Італіі. Чаму ён не вырашае праблему Італіі, якая нават не ўдзельнічала ў апошнім чэмпіянаце свету?» — заявіў Лула да Сілва ў інтэрв’ю SBT.

64-гадовы італьянец быў абраны Федэрацыяй футбола ў якасці трэнера зборнай Бразіліі і павінен узяць на сябе кіраўніцтва ў сярэдзіне наступнага года, калі скончыцца яго кантракт з «Рэалам». Акурат тады ўлетку адбудзецца Кубак Амерыкі. А пакуль зборную працягвае трэніраваць Фернанда Дыніз.

Зборная Бразіліі — рэкардсмен па колькасці залатых медалёў чэмпіянату свету. Яна першынствавала пяць разоў, аднак апошні раз у 2002 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя