Сасновіч страціла два месцы, Івашка зноў у топ-100 – новы рэйтынг
На гэтым тыдні дзве беларускія тэнісісткі выступяць на буйным турніры ў Манрэалі, а ў Арыны Сабаленкі будзе чарговая магчымасць наблізіцца да статусу першай ракеткі свету. Асацыяцыя тэнісістаў-прафесіяналаў (ATP) і Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) абнавілі свае рэйтынгі ў панядзелак, паведамляе Sputnik. Ілля Івашка то вылятае за межы першай сотні, то вяртаецца ў яе ізноў. У новым рэйтынгу ён палепшыў сваё становішча адразу на 13 пазіцый і спыніўся акурат на 100-м радку. Замацавацца на гэтай адзнацы шмат у чым дапамог турнір у мексіканскім Лос-Кабасе, дзе Івашка дабраўся да чвэрцьфіналу. Лідыруе ў мужчынскім тэнісным рэйтынгу па-ранейшаму іспанец Карлас Алькарас. Другі радок займае серб Новак Джокавіч, трэці – расеец Данііл Мядзведзеў. У жаночым рэйтынгу сітуацыя наступная. Не лепшым чынам складаюцца справы ў Аляксандры Сасновіч, якая менш чым за месяц страціла 13 месцаў і зараз знаходзіцца на 77-й пазіцыі. Вікторыя Азаранка засталася на ранейшым 19-м радку. Арына Сабаленка ўсё гэтак жа займае другі радок. На першым месцы полька Іга Свёнтэк. На гэтым тыдні Сабаленка і Азаранка выступяць на буйным турніры ў Манрэалі з прызавым фондам каля 2 мільёнаў 790 тысяч даляраў. Дзякуючы высокаму рэйтынгу Арына пачне выступы з 1/16 фіналу 9 жніўня.
«Ніва» з Долбізна сенсацыйна выйшла ў 1/8 фіналу Кубка Беларусі
Футбалісты „Нівы” з Долбізна святкавалі перамогу над наваполацкім „Нафтанам” у матчы 1/16 фіналу розыгрышу Кубка Беларусі. Каманда „Ніва” з трэцяга дывізіёна чэмпіянату Беларусі выбіла з далейшага ўдзелу ў Кубку Беларусі наваполацкі „Нафтан”, абыграўшы каманду Вышэйшай лігі ў матчы 1/16 фіналу з лікам 3:2. Такім чынам, футбалісты „Нівы” з Долбізна выйшлі ў 1/8 фіналу, выбіўшы з далейшага ўдзелу каманду наймацнейшага дывізіёна краіны.
Аляксандр Пазняк працягне кар’еру ў берасцейскім „Дынама”
29-гадовы абаронца Аляксандр Пазняк працягне кар’еру ў „Дынама-Брэст”, паведамляе Telegram-канал „Вуха”. У бягучым сезоне вышэйшай лігі футбаліст знаходзіўся ў складзе „Дынама-Мінск”, аднак не правёў ніводнага матча. У кубкавым матчы з „Асіповічамі”, які завяршыўся разгромам 9:0, гулец упершыню трапіў у заяўку, але на полі так і не з’явіўся. Раней Пазняк выступаў за „Нёман”, салігорскі „Шахцёр”, „Гарадзею”, Дынама-Брэст”, „Мінск”, македонскі клуб „Работнічкі”, казахстанскі „Шахцёр” з Кастаная і расейскую „Кубань”.
КМ па плаванні на адкрытай вадзе адмянілі ў Парыжы з-за забруджвання Сены
Міжнародная федэрацыя водных відаў спорту паведаміла, што Кубак свету па плаванні на адкрытай вадзе ў Парыжы адменены з-за забруджвання ракі Сены. „Пасля нядаўніх ападкаў у Парыжы, якія перавысілі сярэдні ўзровень, якасць вады ў Сене застаецца ніжэйшай за дапушчальныя стандарты для абароны здароўя плыўцоў”, – гаворыцца ў паведамленні. Там таксама зазначаецца, што World Aquatics пасля кансультацый адмяніла запланаваны Кубак свету па плаванні на адкрытай вадзе. У арганізацыі падкрэслілі, што напярэдадні Алімпійскіх гульняў, якія пройдуць у 2024 годзе, будуць праведзены работы для паляпшэння якасці вады ў Сене. Алімпійскія гульні ў сталіцы Францыі нагадаю адбудуцца з 26 ліпеня па 11 жніўня наступнага года. У сакавіку 2022-га World Aquatics адхіліла беларускіх і расейскіх атлетаў ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах з-за сітуацыі ва Украіне.
Беларускае Радыё Рацыя
