Сасновіч упэўнена абыграла Мёртэнс і выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Палерма
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч, якая займае 119-ы нумар рэйтынгу WTA, выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў італьянскім Палерма з прызавым фондам 202 тысячы даляраў. У 1/16 фіналу адзіночнага разраду Аляксандра Сасновіч ўпэўнена перамагла ў двух сэтах 23-ю ракетку планеты бельгійскую тэнісістку Элізэ Мёртэнс – 6:4, 6:1. Гульня працягвалася 1 гадзіну 24 хвіліны. У матчы за выхад у чвэрцьфінал беларуска сустрэнецца з прадстаўніцай Італіі 95-й ракеткай планеты Ясмін Пааліні, якая ў 1/16 фіналу перамагла расейку Дар’ю Касаткіну – 5:7, 6:4, 6:4. Турнір Palermo Ladies Open, які фінішуе 9 жніўня, з’яўляецца першым афіцыйным пасля перапынку, звязанага з пандэміяй COVID-19.
ФК «Менск» змяніў галоўнага трэнера
Новым галоўным трэнерам футбольнага клуба «Менск» стане Вадзім Скрыпчанка. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт клуба. Апошнім месцам працы 44-гадовага трэнера было «Тарпеда-БелАЗ». Скрыпчанка ужо ўзначальваў «Менск» з 2011 па 2013 год. З «гараджанамі» трэнер выйграваў Кубак Беларусі. Ён змяніў на гэтай пазіцыі Андрэя Разіна. 40-гадовы спецыяліст, які ўзначальваў каманду са студзеня 2019 года, пакінуў пасаду. Тым не менш, Андрэй Разін застаецца ў клубе і працягне працу на іншай пасадзе. Пад яго кіраўніцтвам каманда правяла 48 матчаў у чэмпіянаце (14 перамог, 12 нічыіх, 22 паразы) і па выніках сезона-2019 заняла 9-е месца.
Яўген Бярозкін працягне кар’еру ў „Ліепаі”
Паміж БАТЭ і „Ліепаяй” падпісаны трансферны кантракт, у адпаведнасці з якім паўабаронца барысаўскага клуба Яўген Бярозкін працягне кар’еру ў клубе элітнага латвійскага дывізіёна. „Ліепая”, у 11 сустрэчах набраўшы 11 ачкоў, займае перадапошняе, 9-е, месца ў чэмпіянаце Латвіі.
„Гэты тэхнічны і крэатыўны футбаліст падпісаў кантракт з „жоўта-сінімі” у снежні 2016 га – і за тры з паловай сезона прыняў удзел у 86 матчах, забіў 4 мячы і аддаў 3 выніковыя перадачы. У актыве ўраджэнца Віцебска нямала яркіх паядынкаў у складзе барысаўчан і, у прыватнасці, вельмі памятны гол 4 лістапада 2018 году – пераможны ў браму „Нёмана” у родных сценах, які забяспечыў камандзе 15-е чэмпіёнства.
Тры жодзінскія тарпедаўцы ўвайшлі ў зборную 20-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі
Тры прадстаўнікі жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа” уключаны ў сімвалічную зборную 20-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. Бразільскі паўабаронца аўтазаводцаў Габрыэль Рамас ў чацвёрты раз трапіў у каманду тура, яго калега па амплуа Андрэй Хачатуран – у трэці, нападнік Дзмітры Анцілеўскі – упершыню. Лепшым гульцом мінулага тура прызнаны форвард „Іслачы” Мікалай Януш, які аформіў галявы дубль у гасцявым пераможным паядынку з мазырскай „Славіяй” – 4:2.
„Менск” абыграў гарадзенскі „Рытм” у матчы Кубка Беларусі па хакеі на траве
„Менск” абыграў гарадзенскі „Рытм” з лікам 4: 3 у матчы Кубка Беларусі па хакеі на траве сярод жаночых каманд. Абедзве каманды, паядынкі паміж якімі заўсёды носяць прынцыповы характар, і на гэты раз паказалі відовішчную гульню. Аднак рэалізацыя была лепш у сталічнай дружыны, гулец якой Вольга Кураўская адкрыла лік. Гарадзенскія спартоўкі не здаліся і адказалі ўзяццем брамкі у выкананні Юліі Курганскай. Наступныя ўзяцці брамкі здарыліся з пенальці. Першы з іх бездакорна выканала менчанка Вікторыя Керноз. Праз некалькі хвілін дасведчаны гулец „Рытма” Вольга Шынтар зраўняла лік. Але і гэта было не ўсё – „Менск” і „Рытм” яшчэ раз абмяняліся галамі. Спачатку адзначылася голам Хрысціна Папкова са сталічнай дружыны. Затым Юлія Курганская з Гародні была хутчэй каля чужой брамкі. Кропку ў абмене галявымі ўдарамі паставіла Вікторыя Сідарава, якая прынесла перамогу сталічнай дружыне – 4:3.
„Айлендэрс” у кваліфікацыі плей-оф зноў абыграў „Фларыду”
У чарговым матчы кваліфікацыйнага раўнду плэй-оф НХЛ „Айлендерс” перамог „Фларыду” 4:2 і павёў у серыі 2:0. У цяперашнім розыгрышы Кубка Стэнлі прымаюць удзел 24 каманды. Серыі кваліфікацыі праходзяць у фармаце да трох перамог. Пераможцы выйдуць у першы раўнд. Усе паядынкі праходзяць у Таронта і Эдмантане пры пустых трыбунах. Рэгулярны чэмпіянат НХЛ быў датэрмінова завершаны з-за каронавіруса.
Беларускае Радыё Рацыя