Сасновіч выйшла ў 1/2 фіналу турніру WTA у Нідэрландах
Беларуская тэнісістка 71-ы нумар сусветнага рэйтынгу Аляксандра Сасновіч выйшла ў паўфінал турніру катэгорыі WTA-250 у нідэрландскім Хертагенбосе з прызавым фондам 259 тысяч даляраў.

У чвэрцьфінале беларуская тэнісістка выйграла першы сэт у 15-й ракеткі планеты расіянкі Людмілы Самсонавай 7:6 (7:4). У другой партыі Сасновіч вяла з лікам 3:1, пасля чаго суперніца не змагла працягнуць гульню. У паядынку за трапленне ў фінал суперніцай беларускі будзе пераможца матчу паміж расійскай тэнісісткай Кацярынай Аляксандравай і амерыканкай Эмінай Бектас.
Матч футбалістаў Беларусі і Ізраіля рассудзіць аўстралійскі арбітр
Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі сёння правядуць трэці матч адборавага турніру чэмпіянату Еўропы 2024 года.
Паядынак 3-га тура кваліфікацыйнай групы I з камандай Ізраіля пройдзе ў Будапешце на полі стадыёна „Феранца Сусы”. Сустрэчу будзе судзіць інтэрнацыянальная брыгада арбітраў, якую ўзначаліць аўстралійскі рэферы ФІФА Джарэд Джылет. Па рашэнні УЕФА зборная Беларусі свае хатнія сустрэчы еўракваліфікацыі павінна праводзіць на нейтральных палях без гледачоў. Пасля паядынку з ізраільцянамі беларусы 19 чэрвеня сустрэнуцца з камандай Косава, якая сёння прыме ў Прышціне зборную Румыніі.
Спартоўкі гарадзенскага „Рытма” выйгралі жаночы чэмпіянат Беларусі па хакеі на траве
Пасля дзвюх хатніх перамог над смалявіцкай „Вікторыяй” 3:2 і 4:2 гарадзенская дружына святкавала перамогу і ў гасцях. Гульнявы час трэцяга паядынку завяршыўся ўнічыю – 2:2, а ў серыі пасляматчавых булітаў поспех быў на баку „Рытма” – 3:0. Уладальніцамі бронзавых узнагарод жаночага першынства сталі спартоўкі ХК „Мінск”, якія тройчы абыгралі „Тэкстыльшчык” з Баранавіч. Лепшым гульцом турніру прызнана адна з лідараў „Рытма” Святлана Багушэвіч, а яе сяброўка па камандзе Дзіяна Бацюкова стала лепшым бамбардзірам, лепшы галкіпер – Марыя Белавусава з „Вікторыі”.
Хакеісты менскага „Дынама” правядуць 7 перадсезонных спарынгаў
Хакеісты менскага „Дынама” падчас перадсезоннай падрыхтоўкі плануюць правесці 7 кантрольных сустрэч.
Каманда выйдзе з адпачынку 13 ліпеня, спачатку гульцы пройдуць паглыбленае медабследаванне, а 16 ліпеня пачнуць трэніроўкі ў Мінску. Першы спарынг запланаваны на 31 ліпеня супраць „Адмірала” з Уладзівастока.
Усе сустрэчы падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага згуляюць у Менску. Не выключана, што падчас падрыхтоўкі да новага сезона Кантынентальнай хакейнай лігі дынамаўцы правядуць і іншыя матчы. Пачатак рэгулярнага чэмпіянату КХЛ запланаваны на 1 верасня.
Беларускае Радыё Рацыя
