Сасновіч выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Парыжы
Беларуская тэнісістка 44-ы нумар сусветнага рэйтынгу Аляксандра Сасновіч пераможна пачала выступленне на турніры катэгорыі WTA-125 у Парыжы з прызавым фондам 115 тысяч даляраў. У першым раундзе адзіночнага разраду беларуска абыграла францужанку 108-ю ракетку планеты Клару Бюрэль – 6:1, 7:5. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 20 хвілін. У матчы за трапленне ў чвэрцьфінал суперніцай Аляксандры Сасновіч будзе прадстаўніца ЗША Кэці Валынец.
Давыскіба стала віцэ-чэмпіёнкай Італіі ў складзе „Монцы”
Клуб з прадмесця Мілана „Монца”, за які выступае Ганна Давыскіба, у фінальнай серыі да трох перамог саступіў „Канельяне” — 2:3. У заключным, пятым паядынку, „пантэры” ўзялі верх над камандай беларускі з лікам 3:1. Давыскіба выходзіла на замену і завяршыла матч без ачкоў на рахунку. Самай выніковай валейбалісткай сустрэчы стала аднаклубніца Ганны, амерыканка Джордан Томпсан — 32 ачкі. Па звестках pressball.by, наступны сезон Ганна Давыскіба правядзе ў іншым клубе серыі „А” — „Бергама”. Падрабязнасці пагаднення з васьміразовымі чэмпіёнамі Італіі не выдаюцца.
Б’ельса ўзначаліў зборную Уругвая
Уругвайская федэрацыя футбола аб’явіла аб прызначэнні Марсэла Б’ельсы на пасаду галоўнага трэнера зборнай. Кантракт разлічаны да 2026 года. Апошнім месцам працы Б’ельсы быў англійскі „Лідс”. Гэтую каманду аргентынскі спецыяліст пакінуў у лютым 2022 года. Што ж да зборнай Уругвая, то яе пасля заканчэння ЧС-2022 пакінуў трэнер Дыега Алонса. Пад яго кіраўніцтвам каманда на турніры не здолела пераадолець групавы этап. Раней Б’ельса двойчы працаваў з нацыянальнымі камандамі. З 1998 па 2004 год ён трэніраваў зборную Аргенціны, стаўшы з ёй алімпійскім чэмпіёнам у 2004-м і заваяваўшы срэбра Копа Амерыка ў тым жа годзе. Акрамя гэтага, спецыяліст узначальваў зборную Чылі і прыняў з ёй удзел у ЧС-2010.
Першы фіналіст футбольнай Лігі чэмпіёнаў вызначыцца ў Мілане
Пасля другой часткі міланскага дэрбі паміж футбалістамі „Інтэра” і „Мілана” вызначыцца першы ўдзельнік фіналу Лігі чэмпіёнаў. На мінулым тыдні „Інтэр” выйграў першы паядынак з лікам 2:0. Абодва мячы былі забітыя ў самым пачатку сустрэчы – спачатку вызначыўся Эдзін Джэка, а потым Генрых Мхітаран усталяваў канчатковы лік.
Другі ўдзельнік вырашальнага паядынку чэмпіёнскай Лігі стане вядомы заўтра, калі англійскі „Манчэстэр Сіці” прыме на сваёй арэне мадрыдскі „Рэал”. Тыдзень таму ў іспанскай сталіцы сапернікі не выявілі пераможцу, згуляўшы ўнічыю – 1:1.
Беларускае Радыё Рацыя
