Саўмін вызначыў, як спартоўцы будуць кампенсаваць затрачаныя на іх грошы
Савет міністраў пастановай № 548 ад 19 ліпеня зацвердзіў палажэнне аб парадку пакрыцця сродкаў, затрачаных на спартыўную падрыхтоўку, іх памерах і напрамках выкарыстання.
Як паведамляе прэс-служба ўрада, дакумент прыняты ў мэтах выканання норм закона „Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у закон „Аб фізічнай культуры і спорце”.
Вызначаныя выпадкі кампенсавання сродкаў, затрачаных на спартыўную падрыхтоўку: сістэматычнае парушэнне абавязкаў па ўдзеле спартсмена ў афіцыйных спартыўных мерапрыемствах, выключаючы праблемы са здароўем; выступленне за нацыянальныя і (або) зборныя каманды іншых дзяржаў; адмова ад заключэння грамадзянска-прававога дагавора аб спартыўнай падрыхтоўцы або працоўнага дагавора.
Згодна з палажэннем, сродкі пакрывае спартсмен або яго законны прадстаўнік той спартыўнай арганізацыі, у якой спартсмен праходзіў падрыхтоўку.
Спартыўная арганізацыя на працягу двух тыдняў з дня скасавання дагавора ці атрымання інфармацыі аб адмове аб заключэнні дагавора разлічвае памер сродкаў, затрачаных на падрыхтоўку спартсмена, якія падлягаюць кампенсацыі, і накіроўвае спартсмену або яго законнаму прадстаўніку пісьмовае паведамленне аб неабходнасці вяртання сродкаў.
Памер кампенсацыі ўсталяваны, зыходзячы з базавай велічыні на дату скасавання дагавора або пісьмовай адмовы ад яго заключэння.
Так, для спартсмена, які мае званне майстра спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа, памер кампенсацыі складзе 400 базавых велічынь. Кандыдат у майстры спорту ў гульнявых відах спорту і майстар спорту ў іншых відах спорту павінен кампенсаваць 350 базавых велічынь. Для I разраду ў камандных гульнявых відах спорту, разраду кандыдата ў майстры спорту ў іншых відах спорту — 250 базавых велічынь, для II—III разрадаў у камандных гульнявых відах спорту, I разраду ў іншых відах спорту — 200, для I—III юнацкіх разрадаў у камандных гульнявых відах спорту, II—III разрадаў ці I-III юнацкіх разрадаў у іншых відах спорту — 150. Спартсмен без звання ці разраду абавязаны кампенсаваць 100 базавых велічынь.
Грошы павінны быць выплачаныя не пазней за паўгода пасля атрымання пісьмовага паведамлення. У выпадку невяртання сродкаў яны спаганяюцца праз суд. Грошы пералічваюцца на разліковыя рахункі арганізацый.
75% сумы вернутых сродкаў накіроўваюцца ў даход адпаведных бюджэтаў, астатняя частка пасля выплаты падаткаў і збораў выкарыстоўваецца спартыўнай арганізацыяй на падрыхтоўку спартыўнага рэзерву.
Пастанова ўвайшла ў сілу 19 ліпеня.
Фота sputnik.by