Сельвясюк пакідае «Мяшкоў Брэст»
Як паведамляе BYsport, Арцём Сельвясюк пакідае «Мяшкоў Брэст». 30-гадовы лінейны правёў у берасцейскім гандбольным клубе амаль усю кар’еру. Дзе лінейны працягне кар’еру пакуль невядома. Сельвясюк з’яўляецца неаднаразовым пераможцам чэмпіянату і Кубка Беларусі. У 2021 годзе ў складзе зборнай Беларусі гандбаліст пабываў на чэмпіянаце свету ў Егіпце.
Рэйтынг ATP: Алькарас выйшаў на 1-е месца, Івашка выпаў з топ-100
Іспанскі тэнісіст Карлас Алькарас узначаліў рэйтынг АTP. Па выніках тыдня Ілля Івашка выпаў з топ-100 і займае зараз 102-е месца. Ягор Герасімаў апусціўся на 715-е месца.
У абноўленым рэйтынгу WTA працягвае лідыраваць полька Іга Свёнтак. Арына Сабаленка захавала за сабой другі радок, Вікторыя Азаранка – 19-ы, Аляксандра Сасновіч паднялася на 66-е месца.
БАТЭ выдаў найгоршы старт у гісторыі
У матчы 13-га тура чэмпіянату Беларусі БАТЭ саступіў «Нафтану» 1:2. Для барысаўчан параза стала другой запар і чацвёртай у сезоне. Апошні раз БАТЭ перамагаў у матчы 7-га тура супраць «Белшыны» 3:0, сустрэча прайшла 6 траўня. Пасля 12 матчаў каманда займае шостае месца. У актыве 16 ачкоў. Гэта найгоршы старт БАТЭ ў гісторыі. Дагэтуль найгоршы быў у 2000 годзе: 17 ачкоў пасля 12 матчаў. Тады каманда на дадзеным адрэзку займала дзясятае месца. Па выніках сезона барысаўчане занялі другое месца.
«Рубін» цікавіцца Шаўчэнкам, Эбонгам і Малькевічам
«Рубін» беларусаў Аляксандра Мартыновіча і Віталя Лісаковіча, які ў мінулым сезоне выйшаў у РПЛ, цікавіцца трыма гульцамі зборнай Беларусі, паведамляе Legalbet. Казанскі клуб цікавіцца абаронцам БАТЭ Уладзіславам Малькевічам, абаронцам салігорскага «Шахцёра» Глебам Шаўчэнкам, а таксама паўабаронцам «Астаны» Максам Эбонгам.
Гюндаган стаў гульцом «Барселоны»
«Барселона» абвясціла пра пераход Ілкая Гюндагана. Дамова гульца разлічана да 2025 года. Клаўсула складае 400 мільёнаў еўра. Паўабаронца перайшоў як вольны агент. Яго кантракт з «Манчэстэр Сіці» заканчваецца 30 чэрвеня. 32-гадовы немец у мінулым сезоне правёў 51 матч за «Ман Сіці». У яго актыве 11 галоў і 7 асістаў. У мінулым сезоне Гюндаган выйграў з «Манчэстэр Сіці» АПЛ, Кубак Англіі і Лігу чэмпіёнаў.
«Чэлсі» цікавіцца Асімхенам
«Чэлсі» разглядае магчымасць падпісаць нападніка «Напалі» Віктара Асімхена, паведамляе Football Italia са спасылкай на Sky Sport Italia. Агент форварда ўжо сустракаўся з прэзідэнтам клуба Аўрэліа Дэ Лаўрэнцісам, абмеркаваўшы магчымае падаўжэнне кантракта і ўсталяваўшы мінімальную цану на гульца ў 150 мільёнаў еўра для патэнцыйных пакупнікоў. «Чэлсі» не адпужвае такі кошт, на наступным тыдні яны павінны абмеркаваць з «Напалі» сітуацыю вакол трансферу футбаліста. Цікавасць да Асімхена таксама праяўляюць «ПСЖ», «Манчэстэр Юнайтэд» і «Тотэнхэм». Віктар правёў 39 матчаў за «Напалі» ў гэтым сезоне, вызначыўшыся 31 голам і 4 асістамі.
Мінскае «Дынама» пачне сезон у КХЛ 2 верасня супраць «Нафтахіміка»
Як паведамляе Telegram-канал «Хакейны бульбаш», сталі вядомыя супернікі менскага «Дынама» на старце сезона-2023/24 у КХЛ. Першым матчам будзе выязны супраць «Нафтахіміка», які пройдзе 2 верасня. Менчане стартуюць серыяй з 6 выязных матчаў з маршрутам Ніжнякамск – Балашыха – Мыцішчы – Ніжні Ноўгарад – Казань – Чэлябінск. Першы хатні матч «зубры» правядуць 20 верасня супраць «Лакаматыва». Усяго з 20 верасня па 6 кастрычніка менчане правядуць 7 хатніх матчаў запар.
Беларускае Радыё Рацыя
