Сем медалёў заваявалі беларускія тайбаксёры
Беларускія спартоўцы заваявалі сем узнагарод на чэмпіянаце свету па тайскім боксе ў Бангкоку. На вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ўзнялася беларуска Алёна Ляшкевіч у вагавай катэгорыі 45 кг, якая перамагла ў фінальным паядынку фінскую спартоўку Сату Мюкянен. Беларускі атлет Мікіта Шостак у вазе 81 кг стаў другім, прайграўшы сутычку за золата байцу з Тайланда Сутату Бунчыту. Яго партнёр па камандзе Яўген Волчак у вазе 86 кг таксама заняў другое месца, саступіўшы ў фінале расейцу Гаджы Меджыдаву. На трэцюю прыступку п’едэстала падымаліся беларусы Мікіта Мірончык (51 кг), Данііл Ярмоленка (60 кг), Дзмітрый Варац (67 кг) і Дар’я Бялькова (60 кг). Турнір прайшоў пад эгідай Міжнароднай федэрацыі тайскага боксу. Удзел у сусветным форуме прынялі каля 600 спартоўцаў з 102 краін.
Сабаленка – 10-я ў рэйтынгу WTA
21-гадовая беларуская тэнісістка Арына Сабаленка захавала за сабой дзясяты радок сусветнага адзіночнага рэйтынгу. Абноўленыя табелі аб рангах Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) апублікавала напярэдадні. У топ-50 уваходзяць яшчэ дзве беларускі. 38-е месца займае 29-гадовая Вікторыя Азаранка, а 25-гадовая Аляксандра Сасновіч апусцілася на 45-ы радок, страціўшы за тыдзень тры пазіцыі. У другой сотні толькі адна беларуска – Вера Лапко, якая займае 121-ы радок. У трэцяй сотні Беларусь таксама прадстаўлена адной тэнісісткай – Вольга Гаварцова зараз размяшчаецца на 203-й пазіцыі. Тытул першай ракеткі планеты па-ранейшаму належыць аўстралійцы Эшлі Барці. Следам за ёй ідуць японка Наомі Осака і чэшка Караліна Плішкава. Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка на гэтым тыдні выступаюць на буйным турніры ў амерыканскім Сан-Хасэ.
Італьянскі рэферы будзе судзіць на матчы БАТЭ – «Русенборг»
УЕФА прызначыў суддзяў на паядынкі ў адказ другога кваліфікацыйнага раўнда футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Матч у нарвежскім Транхейме паміж барысаўскім БАТЭ і „Русенборгам” будзе судзіць італьянская брыгада арбітраў, якую ўзначаліць рэферы ФІФА Марка Дзі Бэла. Яго асістэнтамі стануць Сэржыё Рангеці і Алесандра Кастанца. Другая сустрэча паміж нарвежскім і беларускім чэмпіёнамі адбудзецца заўтра, 31 ліпеня, на стадыёне „Ленкердал”, пачатак у 20.00 (прамая трансляцыя на тэлеканале „Беларусь 5”). У першай гульні на полі „Барысаў-Арэны” футбалісты БАТЭ выйгралі з лікам 2: 1. Пераможца гэтага супрацьстаяння згуляе ў 3-м раўндзе з лепшай камандай пары „Марыбар” (Славенія) – АІК (Швецыя). У першай гульні славенскі чэмпіён перамог на сваёй арэне з лікам 2:1. Як стала вядома, не паспеў вярнуцца ў склад Дубаіч, як і нападнік БАТЭ Неманья Міліч перад вылетам у Нарвегію траўмаваў калена. Ужо даўно траўмаваныя Сарока, Шчарбіцкі, Філіпенка, а таксама Вілюмсан, курс лячэння якога яшчэ працягваецца. Рэзерваў для латання кадравых праломаў, а заадно і варыянтаў для ўзмацнення гульні па ходу матчу ў Аляксея Багі становіцца ўсё менш, паведамляе «Прессбол».
«Зеніт» хоча купіць нападніка «Барселоны»
Піцерскі „Зеніт” працягвае перамовы па трансферу бразільскага паўабаронцы „Барселоны” Малкома і прапанаваў за яго € 35 млн. Па дадзеных крыніцы, яшчэ 5 мільёнаў расейскі клуб прапануе ў выглядзе бонусаў. Пры гэтым „Барселона” ацэньвае бразільца у 40 млн плюс 5 у выглядзе бонусаў. Сам гулец гатовы перайсці ў „Зеніт”, так як клуб зрабіў яму выгадную прапанову ў фінансавым плане, якая складае 6,5 мільёнаў еўра за сезон. 22-гадовы Малком з’яўляецца выхаванцам „Карынціанса”. Футбаліст перайшоў у „Барселону” з „Бардо” летам 2018 года. Сума трансферу склала 41 мільён еўра. У мінулым сезоне бразілец правёў 15 матчаў у іспанскай „Прымеры”, забіў 1 гол і выканаў 2 выніковыя перадачы.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя