Сенсацыі ў Лізе чэмпіёнаў



На футбольных арэнах Еўропы прайшлі чарговыя матчы трэцяга кваліфікацыйнага раўнду розыгрышу Лігі чэмпіёнаў. Некаторыя вынікі можна назваць сенсацыйнымі. Варшаўская „Легія” у хатнім матчы дамаглася упэўненай вікторыі над шатляндскім „Селтыкам” – 4:1. У складзе “Легіі” дублем адзначыўся Радовіч. Увесь другі тайм госці з Брытанскіх выспаў правялі ў меншасці – на 44-й хвіліне быў выдалены Эфе Эмброуз. А Врдоляк не змог рэалізаваць яшчэ два прызначаных суддзём пенальці.

Пецярбургскі „Зеніт”, які мае ў складзе нямала зорных гульцоў розных зборных на чале з бразільцам Халкам, не змог справіцца ў гасцях з малавядомым кіпрскім клубам АЕЛ з Лімасола, саступіўшы з мінімальным лікам 0:1. Чэмпіён Аўстрыі „Зальцбург” відавочна недаацаніў азербайджанскі „Карабах” і прайграў у Баку з вынікам 1:2. Лепшы казахстанскі клуб „Актобэ” на родным стадыёне даў сапраўдны бой румынскаму чэмпіёну „Сцяуа” з Бухарэсту. Гаспадары двойчы прайгравалі, але ўсё ж здолелі дамагчыся нічыі – 2:2. Беларускі легіянер „Актобэ” Ігар Зяньковіч выйшаў на поле на 75-й хвіліне гульні пры ліку 1:1. Фінскі ХІК ў Хельсінкі не змог справіцца з чэмпіёнам Кіпра клубам АПОЕЛ з Нікасіі, завяршыўшы паядынак унічыю 2:2. Днепрапятроўскі „Днепр” у Кіеве разышоўся мірам з дацкім „Капенгагенам” – 0:0. Славенскі „Марыбор” дамогся вікторыі над ізраільскім „Макабі” – 1:0. Заграбскае „Дынама” з такім жа лікам на выездзе адолела „Ольбарг”. „Бешыкташ” у гасцях абыграў „Феенорд” – 2:1. „Лудагорац” і „Партызан” згулялі ўнічыю 0:0, „Стандарт” і „Панацінаікас” таксама мячоў не забілі. Французскі „Ліль” дамогся выязной перамогі над „Грасхоперам” – 2:0. Беларускае Радыё Рацыя