Сербы выйшлі ў фінал Еўра-2024
Футбалісты зборнай Сербіі сталі чарговымі ўдзельнікамі фінальнай стадыі чэмпіянату Еўропы 2024 года. У апошнім паядынку кваліфікацыйнай групы G сербы згулялі ўнічыю з гасцямі з Балгарыі – 2:2. Гаспадары зраўнялі лік у канцы другога тайма і атрымалі пропуск у фінал кантынентальнага першынства пасля 24-гадовага перапынку. Разам з сербскай камандай з гэтай групы выйшлі венгры, якія перамаглі чарнагорцаў з лікам 3:1. Лідэр атак зборнай Бельгіі Рамэлу Лукаку ў пераможным хатнім матчы з Азербайджанам з лікам 5:0 забіў чатыры галы і ўсталяваў рэкорд адборавых турніраў чэмпіянатаў Еўропы – 14 забітых мячоў. Раней па 13 мячоў забівалі паляк Роберт Левандоўскі і паўночнаірландзец Дэвід Хілі. У іншым паядынку квінтэта F шведы перайгралі на сваім полі эстонцаў – 2:0. Зборная Партугаліі прайшла ўвесь адборавы цыкл без страт, святкаваўшы 10 вікторый у 10 праведзеных сустрэчах. На фінішы турніру ў групе J партугальцы перамаглі каманду Ісландыі з лікам 2:0. Разам з пірэнейцамі ў фінал выйшла зборная Славакіі, якая абыграла на выездзе баснійцаў – 2:1. Каманда Люксембурга таксама ў гасцях адолела аўтсайдэра спаборніцтваў футбалістаў Ліхтэнштэйна – 1:0. Лідэры групы А іспанцы абыгралі каманду Грузіі – 3:1, а шатландцы, якія таксама выйшлі на Еўра, згулялі ўнічыю з нарвежцамі – 3:3. Сёння заключныя сустрэчы пройдуць яшчэ ў трох адборавых групах. Зборная Беларусі свой апошні паядынак еўракваліфікацыі правядзе заўтра ў Прышціне супраць футбалістаў Косава. У першым крузе спаборніцтваў у групе I беларусы перамаглі косаўскую каманду 2:1.
Улахавіч можа пакінуць „Ювентус” і перайсці ў „Рэал”
Душан Улахавіч можа пакінуць „Ювентус”, цікавасць да форварда захоўвае мадрыдскі „Рэал”. Улетку стала вядома, што серб разглядаецца як альтэрнатыва Кіліяну Мбапэ. «Ювентус» не мае намеру прадаваць Улахавіча, аднак іх намеры могуць змяніцца ў тым выпадку, калі не атрымаецца дамовіцца з гульцом аб падаўжэнні кантракту. Дзеючае пагадненне разлічана да лета 2026 года. У бягучым сезоне 23-гадовы нападнік забіў 4 галы за 10 матчаў у Серыі А.
Хакеісты мінскага „Дынама” пачынаюць выязную серыю матчам супраць „Лады”
Хакеісты менскага „Дынама” сёння правядуць першы з двух матчаў чарговай выязной серыі ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Першы прыпынак падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага зрабілі ў Тальяці, дзе прымаць „зуброў” будзе галоўная сенсацыя цяперашняга чэмпіянату – „Лада”. Перад сезонам тальяцінцы вярнуліся ў КХЛ пасля пяці гадоў адсутнасці і адразу ж узняліся на вяршыню сваёй канферэнцыі. Па сканчэнні паловы рэгуляркі „Лада” ідзе на Усходзе трэцяй, маючы 42 балы. Менскае „Дынама” адправілася на выезд пасля шасціматчавай хатняй серыі, дзе „зубры” набралі пяць ачкоў з дванаццаці магчымых. Па стане на сёння мінчане з 32 баламі замыкаюць васьмёрку наймацнейшых каманд Заходняй канферэнцыі.
Сасновіч страціла пазіцыю. Сабаленка і Азаранка пры сваім
Афіцыйны сайт WTA апублікаваў абноўлены сусветны рэйтынг. У першай дзесятцы без змен. Арына Сабаленка адстае ад Ігі Швёнтэк на 245 ачкоў. На трэцім месцы амерыканка Коры Гауф. Вікторыя Азаранка застаецца на 22-й пазіцыі. Аляксандра Сасновіч і Ірына Шымановіч страцілі пазіцыі. Сасновіч спусцілася на адзін радок і зараз 89-я, а Шымановіч на шэсць – 169 пазіцыя. Яна Каладынска застаецца за межамі топ-200 – 219-е месца.
Беларускае Радыё Рацыя