„Севілья” і „Шахцёр” сталі паўфіналістамі Лігі Еўропы



У аднаматчавым супрацьстаянні на стадыі чвэрцьфіналу Лігі Еўропы „Вулверхэмптан” саступіў „Севільі” з лікам 0:1. На 88-й хвіліне адзіны гол забіў Акампас. На 13-й хвіліне Хіменэс не рэалізаваў пенальці ў браму „Севільі”.  У другім чвэрцьфінале „Шахцёр” забіў у браму „Базэля” чатыры мячы – 4:1.

Матч берасцейскага „Дынама” і „Слуцка” адкладзены

Па звестках pressball.by, матч берасцейскага „Дынама” і „Слуцка”, запланаваны на 12 жніўня, перанесены. Сустрэча павінна была  пачацца ў 19.30. Замест яе ў каманды запланаваная трэніроўка. Таксама перанесены паядынак дублюючых складаў берасцейскага „Дынама” і „Слуцка”. Гэта ўжо другі перанос гэтага матчу 17-га тура чэмпіянату Беларусі. Раней сустрэчу адклалі з-за таго, што ў берасцейскім „Дынама” здарылася ўспышка каронавіруса, і вялікая частка каманды не магла прыняць удзел у матчы. Таксама матч 21-га тура „Мінск” – „Славія” перанесены. Новая дата яшчэ не вызначана. Сустрэча мелася адбыцца  сёння, 12 жніўня, на стадыёне „Трактар”.

Вольга Гаварцова абыграла Бетані Матэк-Сандс і выйшла ў 1/8 фіналу на турніры ў Лексінгтане

У матчы 1/16 фіналу на турніры ВТА ў Лексінгтане беларуска Вольга Гаварцова, якая мае 135-ы радок у сусветным рэйтынгу, узяла верх над 358-й ракеткай планеты амерыканкай Бетані Матэк-Сандс з лікам 7:6 (7:4), 6:1. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 38 хвілін.

Хакеісты менскага „Дынама” абыгралі „Шахцёр” у перадсезонным паядынку

Хакеісты менскага „Дынама” абыгралі салігорскі „Шахцёр” у перадсезонным матчы, які завяршыўся на сталічнай „Алімпік-Арэне”.  Лік матчу на карысць каманды Крэйга Вудкрафта — 3:2. Менчане, адкрыўшы лік намаганнямі Раяна Спунэра, затым апынуліся ў ролі адыгрываючыхся. Засмуцілі брамніка „зуброў” Раман Маліноўскі і Раман Дадонаў. Аднак „Дынама” здавацца не збіралася і зрабіла ўсё, каб змяніць ход матчу на сваю карысць. Гэта клубу КХЛ атрымалася спаўна.

Спачатку Ягор Шаранговіч зраўняў лік, а пераможную шайбу ў брамку „гарнякоў” закінуў навабранец сталічнага клуба Брэндан Козун. Для яго гэта быў дэбют у форме беларускага клуба. „Дынама” адкрые новы сезон чэмпіянату КХЛ 3 верасня хатняй сустрэчай супраць фінскага „Йокерыта”. Таксама „зубры” правядуць на лёдзе „Мінск-Арэны” яшчэ тры паядынкі.

„Мяшкоў Брэст” згуляе ў верасні ў Харватыі

Клуб „Мяшкоў Брэст” з 4 па 6 верасня згуляе ў харвацкім Задарэ ў рамках вырашальнай стадыі 9-га розыгрышу SEHA-лігі. Пра гэта інфармуе сайт спаборніцтваў. Акрамя берасцейцаў, у „фінале чатырох” выступіць „Заграб”. Яшчэ два ўдзельнікі вызначацца пазней у супрацьстаяннях „Веспрэм” – „Вайводзіна” і „Вардар – „Нэксэ”. Матчы пройдуць 25 і 29 жніўня.

Разыгрываючы зборнай Беларусі Раман Рубінштэйн перайшоў у „Іркут”

Беларускі разыгрываючы Раман Рубінштэйн працягне кар’еру ў „Іркуце” з другога па рангу дывізіёна чэмпіянату Расеі. Кантракт падпісаны на адзін сезон. Раней Рубінштэйн гуляў за „Цмокi-Мiнск”, славенскі „Златарог”, польскую „Легію”, а таксама ў двух ізраільскіх клубах „Хапаэль” і „Хевель”. У складзе „цмокаў” ён стаў чэмпіёнам Беларусі ў сезоне-2017/18 i ўладальнікам Кубка краіны-2017. На міжнародным узроўні гуляў за зборную Беларусі на юнацкіх і маладзёжных турнірах, быў фіналістам Міжнароднага студэнцкага баскетбольнага кубка ў 2018 годзе. З 2016-га выклікаецца ў асноўную зборную, у 2017 годзе дэбютаваў на Еўрабаскеце.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя