Шахматыст Уладзіслаў Кавалёў адмовіўся удзельнічаць у чэмпіянаце Беларусі



Міжнародны гросмайстар Уладзіслаў Кавалёў адмовіўся гуляць у чэмпіянаце Беларусі і падпісаў адкрыты ліст з палітычнымі патрабаваньнямі да ўладаў. Пра гэта інфармуе Свабоднае аб’яднанне спартоўцаў.

Уладзіслаў Кавалёў — адзіны беларускі шахматыст, які ўваходзіць у першую сусветную сотню. Ён прысутнічаў на лёсаванні чэмпіянату краіны, але за некалькі гадзін да старту вырашыў байкатаваць турнір. Прычынай стала тое, што Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі ў шахматах і шашках падрыхтаваў «дадатковае пагадненне» да кантрактаў. У дакуменце сярод іншага прапісаная забарона на публічныя выказванні без узгаднення з наймальнікам, а таксама абмежавальныя пункты, якія маюць палітычны падтэкст. Кавалёў палічыў гэта парушэннем сваіх канстытуцыйных правоў. Разам з ім ад удзелу ў найвышэйшай лізе адмовіліся гросмайстар Яўген Падольчанка, міжнародны майстар Віталь Мерыбанаў, якія таксама падпісалі адкрыты ліст спартоўцаў.

Агулам пад лістом падпісаліся больш за 900 прадстаўнікоў спартовай галіны. Многія з іх ужо выключаныя з нацыянальных зборных, пазбаўленыя стыпендый ці кінутыя за краты.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: instagram.com