„Шахцёр”, БАТЭ і берасцейскае „Дынама” цікавяцца Дзянісам Паляковым



Топ-клубы Беларусі праяўляюць цікавасць да абаронцы зборнай Дзяніса Палякова. 29-гадовы футбаліст знаходзіцца ў статусе свабоднага агента.

Апошнім клубам гульца быў екацярынбургскі „Урал” (Расея, Д1), які Палякоў пакінуў у сакавіку 2020 года. Паводле інфармацыі transfermarkt_belarus, Палякоў цікавы „Шахцёру”, БАТЭ і берасцейскаму „Дынама”.

Менскае „Дынама” і Раян Спунер завяршылі перамовы аб новым кантракце

Менскае „Дынама” і форвард Раян Спунер дамовіліся аб новым кантракце. Пра яго падпісанне будзе абвешчана ў бліжэйшы час. Пагадненне разлічана на адзін сезон, – паведамляе championat.com. У мінулым сезоне 28-гадовы канадскі форвард у 43 матчах рэгулярнага чэмпіянату КХЛ закінуў 10 шайбаў і аддаў 27 выніковых перадач пры паказчыку карыснасці „-31” і шасці штрафных хвілінах.

„Лакаматыў” заплаціць „Шахцёру” за Віталя Лісаковіча каля 1 млн еўра

Маскоўскі „Лакаматыў” заплаціць салігорскаму „Шахцёру” за форварда Віталя Лісаковіча каля 1 млн еўра. Пры пераходзе Лісаковіча прадугледжаны розныя бонусы, якія будуць залежаць ад выступаў гульца і „чырвона-зялёных”, а таксама працэнт у выпадку далейшага перапродажу. Да нападніка праяўлялі цікавасць клубы з Расеі і Бельгіі, але каманды не змаглі дамовіцца з „гарнякамі”, адзначае „Беларускі футбол”.

Беларускія шашысткі выйшлі ў 1/4 фіналу анлайн-турніру Кубка нацый

Беларускія шашысткі выйшлі ў 1/4 фіналу анлайн-турніру Кубка нацый. Спаборніцтвы праходзяць па 100-клетачных шашках пад эгідай Сусветнай федэрацыі шашак (FMJD). У жаночых спаборніцтвах прынялі ўдзел 11 каманд. Яны гулялі па кругавой сістэме, шэсць лепшых выйшлі ў плэй-оф. У 11-м туры наша зборная аказалася мацнейшай за каманду Бразіліі – 8:0. На дадзены момант беларускі знаходзяцца на трэцім месцы турнірнай табліцы з 15 ачкамі. У 1/4 фіналу беларускі згуляюць з Латвіяй.

Стасевіч прызнаны найлепшым гульцом 19-га тура

Паўабаронца БАТЭ Ігар Стасевіч прызнаны найлепшым гульцом 19-га тура чэмпіянату Беларусі. Гулец правёў на полі 93 хвіліны супраць «Мінска», забіў адзін гол і зрабіў тры галявыя перадачы. Таксама хаўбек зрабіў 65 перадач (74% дакладных).

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pressball.by