„Шахцёр” і берасцейскае „Дынама” сустрэнуцца ў фінале Кубку Беларусі



26 красавіка вызначыліся фіналісты футбольнага Кубку Беларусі. 

Салігорскі „Шахцёр” меў перад матчам у адказ досыць камфортную перавагу над „Слуцкам”, выйграўшы першы паядынак у гасцях 2:1. Спакою салігорцам дадаў гол фінскага паўабаронца Піры Сойры на 31-й хвіліне. „Слуцк” не здаваўся да апошняга і на 85-й хвіліне высілкамі івуарыйскага форварда Сеніна Себаі здолеў параўняць лік. Аднак выніковыя 1:1 вывелі ў фінал „Шахцёр”.

Барысаўскі БАТЭ пасля гасцявой паразы 0:2 ад берасцейскага „Дынама” быў змушаны адыгрывацца. Заданне гэтае сталася досыць складаным і ўрэшце невыканальным. Толькі на 64-й хвіліне флагман здолеў прабіць абарону берасцейцаў – вызначыўся серб Мірка Іваніч. БАТЭ пасля меў некалькі шанцаў павялічыць сваю перавагу, але не скарыстаўся імі. Сустрэча так і скончылася – 1:0 – і за кошт першай, больш буйнай вікторыі, на вырашальны паядынак за трафей у Гародню паедуць берасцейцы.