«Шахцёр» перамог «Нёман»



Хакеісты «Шахцёра» ў хатнім матчы перамаглі «Нёман» з лікам 4:0 і выйшлі наперад у паўфінальнай серыі Кубка Прэзідэнта.

Наступны паядынак каманды правядуць у Салігорску 18 сакавіка. Восем разоў чэмпіёнам Беларусі станавілася менскае «Юнацтва», у «Нёмана» на адзін тытул менш.

Менскае «Дынама» знаходзіцца на шостым месцы ў спісе самых наведвальных хакейных каманд Еўропы

Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) на сваім сайце падвяла вынікі наведвальнасці чэмпіянатаў еўрапейскіх ліг у сезоне 2019/2020. У спіс самых наведвальных каманд увайшло менскае «Дынама», якое выступае ў чэмпіянаце КХЛ. Беларускі клуб, сярэдняя наведвальнасць хатніх паядынкаў якога складае 10666 чалавек, размясціўся на шостым месцы рэйтынгу. Што тычыцца лідараў, то другі год запар спіс самых папулярных дружын Еўропы ўзначальвае швейцарскі «Берн». У сярэднім на яго хатніх сустрэчах прысутнічалі 16237 гледачоў. На другім месцы піцерскі СКА з паказчыкам 13594.

«Гарадзея» правядзе сустрэчу каманды з заўзятарамі, нягледзячы на каронавірус

Сёння ў Гарадзейскім цэнтры культуры адбудзецца традыцыйная сустрэча футбалістаў і трэнерскага штаба «Гарадзеі» з заўзятарамі перад пачаткам сезону, падчас якой усе жадаючыя змогуць пазнаёміцца з пачаткоўцамі, сфатаграфавацца з любімымі футбалістамі, задаць пытанні і паўдзельнічаць у забаўляльнай праграме. Таксама на мерапрыемстве будзе прадстаўлена чырлідзінг-гурт «Гарадзеі», паведамляе афіцыйны сайт «цукарнікаў».

Уладзімір Враньеш заключыў кантракт з БГК імя Мяшкова

Лінейны «Татабанья» Уладзімір Враньеш летам пяройдзе ў БГК імя Мяшкова. Басніец заключыў з клубам двухгадовы кантракт, – паведамляе telegram-канал берасцейцаў. Враньеш – габарытны гулец. Яго рост – 200 сантыметраў, вага – 107 кілаграмаў. Пачынаў кар’еру ў родным «Бораце», за які дэбютаваў ужо ў 14 гадоў і з якім рэгулярна выступаў на міжнароднай арэне – у Кубку выкліку, Кубку ўладальнікаў кубкаў і Кубку ЕГФ. Амаль увесь гэты час яго партнёрам па камандзе быў Марка Паніч.

У 2012-м Враньеш перабраўся ў іспанскі «Адэмар» і ўпершыню згуляў у Лізе чэмпіёнаў. У 2015-м прызнаваўся лепшым гандбалістам краіны. Нядаўна ездзіў на чэмпіянат Еўропы, куды баснійскія гандбалісты прабіліся ўпершыню ў гісторыі, – піша прэс-служба мяшкоўцаў.

«Крумкачы» прадставілі новы лагатып

Футбольны клуб «Крумкачы» прадставіў новы лагатып клуба. Ён стаў пераможцам галасавання заўзятараў, якія выбіралі паміж першым лагатыпам каманды і новым варыянтам.

«Гэта быў цяжкі выбар, але большасць нашай аўдыторыі прагаласавала менавіта за новы сучасны лагатып. Час не стаіць на месцы: змяняецца грамадства, змяняецца футбол, таму, змяняемся і мы. Нязменнай застаецца толькі наша адданасць традыцыям – таму, класічная эмблема заўсёды застанецца ў нашых сэрцах і на нашых трыбунах» – паведамляе афiцыйны сайт «Крумкачоў».

Турцыя прапанавала аднаасобна правесці чэмпіянат Еўропы-2020

Турцыя прапанавала УЕФА аднаасобна правесці чэмпіянат Еўропы-2020.

У федэрацыі футбола Турцыі разлічваюць на добрыя адносіны прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана з кіраўніком УЕФА Аляксандэрам Чэферыным. Аднак гэтая акалічнасць наўрад ці дапаможа туркам, так як УЕФА плануе перанесці турнір. Галоўным аргументам турэцкага боку зʼяўляецца невялікая колькасць афіцыйна зарэгістраваных выпадкаў каронавіруса – менш за дзесяць чалавек. ЧЕ-2020 павінен прайсці з 12 чэрвеня па 12 ліпеня ў 12 краінах. Адной з краін-гаспадынь зʼяўляецца Турцыя. Вялікая верагоднасць, што турнір будзе перанесены з-за пандэміі каронавіруса COVID-19.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: ХК „Шахцёр”