„Шахцёр” прайшоў у 3-ці раўнд кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў



Перамогшы фінскую каманду „Форд Сторы Леваранта” з Састамалы з лікам 3:0 валейбалісты салігорскага „Шахцёра” прайшлі ў 3-ці раўнд кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. Пасля ўпэўненай хатняй перамогі з тым жа лікам, у гасцях шматразовым чэмпіёнам Беларусі дастаткова было выйграць два сэты. З гэтай задачай падначаленыя Віктара Бекшы справіліся дастаткова ўпэўнена. Самым выніковым гульцом у складзе «Шахцёра» стаў сербскі легіянер Даніла Паўлавіч. Ён набраў 14 ачкоў.

У трэцім раўндзе Лігі чэмпіёнаў „гарнякі” згуляюць з сербскай „Ваяводзінай НС Семе” з Нові Саду.

Міскевіч дапамог «Соры» перамагчы ў італьянскай суперлізе

Італьянская „Сора”, колеры якой абараняе дыяганальны зборнай Беларусі Радзівон Міскевіч, дамаглася першай перамогі ў італьянскай валейбольнай суперлізе. З лікам 3:0 у гасцявой сустрэчы была абыграна „Віба-Валенція”. Радзівон Міскевіч унёс значны ўклад у поспех, зарабіўшы 18 ачкоў і стаўшы самым выніковым гульцом сустрэчы. Ураджэнец Гарадзеншчыны быў прызнаны галоўнай зоркай матчу.

Хет-трык Раналду прынёс партугальцам перамогу над літоўцамі

У матчы кваліфікацыі EURO’2020 зборная Партугаліі не пакінула шанцаў камандзе Літвы – 6:0. Тры мяча ў складзе партугальцаў забіў Крышціану Раналду. Зборная Англіі яшчэ больш забіла чарнагорцам. Лік сустрэчы – 7:0. Хет-трык на рахунку Кейна. Чэхія мінімальна абыграла Косава — 2:1, а Сербія – Люксембург — 3:2 – дублем у пераможцаў адзначыўся Мітравіч. Туркі і ісландцы згулялі ўнічыю 0:0, таксама як і Албанія з Андорай – 2:2. А вось чэмпіёну свету Францыі давялося вырываць перамогу ў матчы са зборнай Малдовы — 2:1.

Сяргей Паліцэвіч пакіне „Кайрат”

Абаронца „Кайрата” і зборнай Беларусі Сяргей Паліцэвіч з наступнага сезона будзе выступаць у іншай камандзе. Пра гэта заявіў старшыня назіральнай рады Алмацінскага клуба Кайрат Баранбаеў. Паліцэвіч перайшоў у „Кайрат” у ліпені мінулага года, падпісаўшы кантракт на тры з паловай гады. За каманду Аляксея Шпілеўскага абаронца правёў 17 матчаў.

Гарадзенскі „Нёман” з экскурсіяй наведаў Асвенцым

У чацвер гарадзенскі хакейны клуб „Нёман” з экскурсіяй наведаў Асвенцым – горад, які стаў сімвалам бязлітаснасці фашысцкага рэжыму. „Горад, дзе разгарнулася адна з самых бессэнсоўных драм у гісторыі чалавецтва; горад, дзе былі жорстка забітыя сотні тысяч чалавек. У размешчаных тут канцлагерах нацыстамі былі пабудаваныя канвееры смерці, знішчалі да 20 тысяч чалавек кожны дзень …”, – нагадвае клубная прэс-служба.

Беларускае Радыё Рацыя