«Шахцёр» разграміў «Нёман»
Футбалісты „Шахцёра” разграмілі гарадзенскі „Нёман” у заключным матчы 17-га тура чэмпіянату Беларусі. Сустрэча на полі салігорскага стадыёна „Будаўнік” прайшла пры поўнай перавазе гаспадароў. Пачатак разгрому паклаў Эліс Бакай, які рэалізаваў пенальці на 7-й хвіліне гульні, затым вызначыўся Нікола Анціч дакладным ударам са штрафнога, потым галявы дубль аформіў ветэран гарнякоў Мікалай Януш. Пасля перапынку „Шахцёр” працягваў валодаць ініцыятывай, і ў канцы матча Лаша Шындагарыдзэ і Сяргей Балановіч (з пенальці) яшчэ двойчы засмуцілі брамніка Дзмітрыя Дудара – 6: 0.
«Ягелонія» згуляла ўнічыю з «Лехіяй»
У матчы 4-га тура польскай экстракласы беластоцкая „Ягелонія» згуляла ўнічыю з „Лехіяй Гданьск” 1: 1. Агнен Мудрыньскі забіў адзіны гол за „жоўта-чырвоных”, а Артур Собех – за гаспадароў. Наступную сустрэчу „Ягелонія” правядзе ў суботу ў Беластоку з «Гурнікам» Забжэ.
Дзянісаў падпісаў трохгадовы кантракт з «зубрамі»
Малады абаронца Павел Дзянісаў падпісаў трохгадовы кантракт з хакейным клубам „Дынама-Мінск”. Васямнаццацігадовай гулец выдатна зарэкамендаваў сябе на Кубку губернатара Ніжагародскай вобласці, дзе стаў адным з лепшых бамбардзіраў каманды. Ён адыграў у чатырох матчах, набраў 3 балы і рэгулярна выходзіў на пляцоўку пры дзеяннях у большасці. Мінулы сезон Павел Дзянісаў правёў у юніёрскай камандзе Беларусі, на чэмпіянаце свету ў пяці матчах вызначыўся галявым пасам і дапамог партнёрам паўтарыць лепшы вынік у гісторыі – 5-е месца. Менскае „Дынама” вярнулася з Ніжняга Ноўгарада, дзе на турніры губернатара заняло чацвёртае месца, і рыхтуецца да вырашальнага этапу Кубка Беларусі, які пройдзе з 17 па 18 жніўня ў Оршы. Да трэніроўкі з „зубрамі” прыступілі і легіянеры менскай каманды Юнас Энрат, Марк-Андрэ Граньяні, Стэфан Эліат і Дру Шор.
Сасновіч згуляе з Осакай у Цынцынаці
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч, якая мае 47-ы нумар рэйтынгу WTA, паспяхова стартавала на турніры катэгорыі „Прэм’ер” у амерыканскім Цынцынаці з прызавым фондам 2 мільёны 900 тысяч даляраў. У 1/32 фіналу беларуска сустракалася з аўстралійскай тэнісісткай Астрай Шармай і перамагла ў трохсэтавым паядынку – 6:1, 4:6, 6:1. Гульня працягвалася 1 гадзіну 40 хвілін. Наступнай саперніцай Аляксандры Сасновіч будзе першая ракетка планеты Наомі Осака з Японіі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя