«Шахцёр» разграміў «Слуцк»
Футбалісты салігорскага «Шахцёра» разграмілі на выездзе «Слуцк» з лікам 5:0 у заключным матчы 18-га тура чэмпіянату Беларусі.
Сваю перавагу госці рэалізавалі ў сярэдзіне першага тайма, калі двойчы запар вызначыўся Юрый Кавалёў, а незадоўга да перапынку абаронца «Слуцка» Аляксей Пустазёраў адправіў мяч у сваю браму. У другой палове сустрэчы Кавалёў аформіў хет-трык, а затым Лаша Шындагарыдзэ давяршыў разгром гаспадароў поля. Паядынак галоўных фаварытаў турніру берасцейскага «Дынама» і БАТЭ ў сувязі з удзелам барысаўчан у кваліфікацыі Лігі Еўропы перанесены на 25 верасня.
Ганчарэнка прайграў дэрбі з ЦСКА
Футбалісты маскоўскага ЦСКА пад кіраўніцтвам беларускага трэнера Віктара Ганчарэнкі саступілі «Спартаку» ў сталічным дэрбі шостага тура чэмпіянату Расеі. Па выніках першага тайма на табло гарэлі 0:0. Другі тайм гаспадары правялі значна мацней, і на зыходзе гадзіны гульнявога часу ў хуткай контратацы верхавую перадачу Андрэ Шурле эфектна замкнуў Самюэль Жыга. Адразу пасля гэтага спартакаўцы маглі вызначыцца яшчэ некалькі разоў, але на вышыні быў галкіпер ЦСКА Ігар Акінфееў. Армейцам удалося зраўняць лік на 69-й хвіліне – далёкім ударам вызначыўся Марыё Фернандэс. Аднак яшчэ праз 10 хвілін усё той жа Самюэль Жыга зноў вывеў «Спартак» наперад, усталяваўшы канчатковы лік – 2:1. Гэтая перамога дазволіла падначаленым Алега Конанава абыйсці ЦСКА ў турнірнай табліцы і дагнаць «Растоў». Напярэдадні лідар расейскага першынства «Зеніт» у сябе дома ў Санкт-Пецярбургу, гуляючы ў большасці з 7-й хвіліны сустрэчы, не змог абыграць грозненскі «Ахмат», завяршыўшы паядынак унічыю – 0:0.
«Д’яблы» згулялі ўнічыю з «ваўкамі»
«Манчэстар Юнайтэд» у матчы 2-га тура чэмпіянату Англіі ў гасцях згуляў унічыю з «Вулверхемптанам» – 1:1. На гол нападніка «чырвоных дʼяблаў» Антані Марсьяля «ваўкі» адказалі мячом Рубена Невеша. Паўабаронца гасцей Поль Погба на 68-й хвіліне не рэалізаваў пенальці. «Манчэстар Юнайтэд» набраў 4 ачкі і падняўся на 4-е месца ў турнірнай табліцы АПЛ. «Вулверхемптан» – на 13-м месцы. Лідыруе «Ліверпуль», які набраў 6 ачкоў у 2 матчах.
Юнацкая зборная ўпершыню прайграла на Еўрабаскеце ў Балгарыі
Баскетбалісткі юнацкай зборнай Беларусі пацярпелі першую паразу ў дывізіёне В першынства Еўропы ў Сафіі – 33:53. Да гэтага падначаленыя Вольгі Падабед абыгралі аднагодак з Аўстрыі – 63:62, Албаніі – 104:24 і Вялікабрытаніі – 61:58. Сёння беларускі завершаць групавы этап сустрэчай з Ірландыяй.
Вольга Гаварцова выйшла ў другі раўнд кваліфікацыі «US Open»
У першым раўндзе турніру з прызавым фондам 57 мільёнаў даляраў беларуска ў трох сэтах перамагла францужанку Джэсіку Паншэ – 6: 2, 2: 6, 6: 2. Аляксандра Сасновіч перамагла ў першым раўндзе турніру NYJTL Bronx Open ў Нью-Ёрку з прызавым фондам 226 тысяч даляраў. Аляксандра, якая займае 45-е месца ў сусветнай класіфікацыі, у матчы 1/16 фіналу без асаблівых праблем разабралася са славенкай Палонай Херцаг – 6:3, 6:2.
Беларускія спартоўцы заваявалі пяць медалёў на міжнародным турніры па боксе «Кубак незалежнасці Малдовы»
Антон Стэльмах (вагавая катэгорыя 75 кг) у фінальным паядынку адолеў атлета з Малдовы Віктара Карапчэўшы і падняўся на вышэйшую прыступку пʼедэстала гонару. Таксама беларус быў уганараваны спецыяльным прызам як лепшы баксёр турніру. Яго партнёры па камандзе Антон Чарнамаз (вага 63 кг), Аляксей Алфёраў (81 кг) і Аляксандр Радзівонаў (69 кг) заваявалі срэбраныя ўзнагароды. Бронзавы медаль у скарбонку зборнай Беларусі прынёс Глеб Сінькевіч (вага 81 кг). Удзел у турніры прынялі каля 100 атлетаў з Беларусі, Малдовы, Польшчы і Украіны.
Яроменка падпісаў кантракт з «зубрамі»
Беларускі абаронца Уладзіслаў Яроменка заключыў з «Дынама» трохгадовы двухбаковы кантракт, паведамляе афіцыйны сайт клуба. Ураджэнец Віцебскай вобласці апошнія тры гады правёў у «Калгары Хітмэн» у WHL. Абаронца быў вельмі выніковым і набіраў ачкі ў кожным другім матчы: 203 гульні – 105 (28 + 77) балаў. У 2018-м Улада пад 151-м нумарам задрафтаваў «Нэшвіл». Яроменка згуляў на двух юнацкіх і трох моладзевых чэмпіянатах свету. У ліпені ён заключыў пробны кантракт з «Дынама». Згуляў за каманду на Кубку губернатара ў Ніжнім Ноўгарадзе, дзе адзначыўся асістэнцкім балам, і Кубку Салея ў Воршы.
Беларускае Радыё Рацыя