„Шахцёр” сенсацыйна абыграў „Рэал” на яго поле



Данецкі „Шахцёр” перамог мадрыдскі „Рэал” у матчы 1-га тура групавога этапу Лігі чэмпіёнаў — 3:2. Украінскі клуб вёў да перапынку 3:0, аднак ледзь не выпусціў тры ачкі. На другой кампенсаванай хвіліне Федэрыка Вальвердэ зраўняў лік, але гол быў адменены дзякуючы вар. Маскоўскі „Лакаматыў” на выездзе згуляў унічыю з аўстрыйскім „Зальцбургам” – 2:2. Ад паразы гасцей выратаваў гол форварда Віталя Лісаковіча, які стаў для беларуса дэбютным у галоўным еўракубку. «Баварыя» разграміла «Атлетыка» 4:0 – Кінгслі Каман аформіў дубль. «Аякс» прайграў «Ліверпулю». Сустрэча завяршылася з лікам 1:0 на карысць гасцей. На 35-й хвіліне абаронца «Аякса» Нікалас Тальяфіка забіў у сваю браму. У гэтай жа групе дацкі «Мідт’юлан» саступіў італьянскай «Аталанце» 0:4. «Манчэстар Сіці» абыграў «Порту» з лікам 3:1. «Алімпіякас» перамог «Марсэль» 1:0.

Арцём Радзькоў увайшоў у трэнерскі штаб БАТЭ

Беларускі спецыяліст Арцём Радзькоў увайшоў у трэнерскі штаб БАТЭ.

Выхаванец магілёўскага футбола апынуўся ў БАТЭ ў 16 гадоў. Праўда, толькі бліжэй да 20 стаў паўнапраўным чальцом асноўнай абоймы, дзе выступаў на працягу васьмі сезонаў. У шэрагах барысаўчан сем разоў заваёўваў чэмпіёнскі тытул, двойчы – Кубак, тройчы – Суперкубак краіны. Разам з БАТЭ прабіваўся ў групавыя турніры Лігі Еўропы і Лігі чэмпіёнаў. Правёў за барысаўскі клуб 242 афіцыйныя матчы, забіў 9 галоў. Мае на рахунку 13 паядынкаў за нацыянальную зборную.

Таксама выступаў у расійскіх „Хімках” і „Цераку” з Грознага, турэцкай „Генчлербірлігі”. У 2016 годзе абвясціў аб завяршэнні гульнявой кар’еры, працягу якой перашкодзіла сур’ёзная траўма. Ужо праз паўгода далучыўся да сталічнай „Зоркі”-БДУ. З верасня-2019 уваходзіць у трэнерскі штаб моладзевай зборнай Беларусі.

Хакеісты менскага „Дынама” саступілі маскоўскім аднаклубнікам

Хакеісты менскага „Дынама” саступілі маскоўскім аднаклубнікам у чэмпіянаце КХЛ. Першая сустрэча „зуброў” у выязной серыі завяршылася з лікам 2:5 на карысць падначаленых Уладзімера Крыкунова. Масквічы з самага пачатку абрынулі шквал нападаў на брамку дэбютанта у складзе мінчан Аляксея Коласава, аднак першымі вызначыліся „зубры”. На трэцяй хвіліне ў хуткай контратацы шайбу закінуў Ігар Мартынаў. Зрэшты, не прайшло і хвіліны, як Арцём Волкаў зраўняў лік. За імгненне да сігналу на першы перапынак Ягор Шаранговіч зноў вывеў «зуброў» наперад. Нажаль, захаваць перавагу ў ліку „зубрам” не ўдалося. У другім перыядзе масквічы ўзмацнілі ціск, і спачатку Міхаіл Грыгор’еў зраўняў лік, а затым Вадзім Шыпачоў вывеў каманду Уладзіміра Крыкунова наперад. У трэцім перыядзе, спрабуючы выратаваць матч, мінчане знялі з гульні брамніка, але ў выніку атрымалі дзве шайбы ў пустую брамку. Гэта трэцяя запар параза „зуброў”. Магчымасць перапыніць няўдалую серыю сустрэч будзе ў падначаленых Крэйга Вудкрафта заўтра. Матч беларускай дружыны з маскоўскім ЦСКА пачнецца ў 19.30.

Азаранка выйшла ў чвэрцьфінал турніру ў Астраве

Беларуска Вікторыя Азаранка выйшла ў чвэрцьфінал турніру ВТА ў Астраве. У матчы другога раўнда экс-першая ракетка свету перамагла чэшку Барбару Крэйчыкаву – 2:6, 6:2, 6:1. Наступнай суперніцай Азаранкі стане наймацнейшая тэнісістка з пары Караліна Мухава – Эліз Мёртенс.

Беларускае Радыё Рацыя