„Шахцёр” стаў апошнім удзельнікам 1/8 фіналу Кубка Беларусі



Футбалісты салігорскага „Шахцёра” сталі апошнімі ўдзельнікамі 1/8 фіналу розыгрышу Кубка Беларусі. У заключным паядынку 1/16 фіналу дзеючыя чэмпіёны краіны абыгралі на выездзе прадстаўніка другой лігі нацыянальнага першынства „Узду” з лікам 3:0. У канцы першага тайма галы забілі Яўген Козел і Дзмітрый Падстрэлаў, а незадоўга да фінальнага свістка канчатковы лік усталяваў Ягор Карпіцкі. У матчы за выхад у чвэрцьфінал „Шахцёр” сустрэнецца з „Гомелем”. Цяперашнія ўладальнікі трафея футбалісты барысаўскага БАТЭ ў 1/8 фіналу згуляюць у гасцях у мазырскай „Славіі”. Два прадстаўнікі першай лігі нацыянальнага чэмпіянату свае сустрэчы 1/8 фіналу правядуць на выездзе: магілёўскі „Днепр” павінен сустрэнецца ў Рэчыцы з мясцовым „Спадарожнікам”, калі каманда, якая знялася з чэмпіянату, згуляе ў Кубку, гомельскі „Лакаматыў” у Жодзіне будзе супернічаць з „Тарпеда-БелАЗам”, а дзяржынскі „Арсенал” адправіцца у госці да футбалістаў „Віцебска”. Склады астатніх пар: „Слуцк” – „Дынама” (Менск), „Энергетык-БДУ” – „Нёман” (Гародня), „Дынама” (Берасце) – „Рух” (Берасце). Матчы 1/8 фіналу адбудуцца 7 і 8 жніўня.

Беларускія клубы даведаліся магчымых супернікаў у кваліфікацыі футбольнай Лігі канферэнцый

У штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне адбылося лёсаванне трэцяга кваліфікацыйнага раўнду Лігі канферэнцый. Футбалісты барысаўскага БАТЭ ў выпадку поспеху ў матчах 2-га раўнда з грузінскім „Дынама” з Батумі сустрэнуцца з пераможцам пары „Петраклуб” (Малдова) – „Сіваспор” (Турцыя). Берасцейскае „Дынама”, калі пройдзе чэшскую „Вікторыю” (Пльзень), згуляе з лепшай камандай пары „Жальгірыс” (Каўнас, Літва) – ТНС (Уэльс). Футбалісты жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа” у выпадку перамогі над дацкім „Капенгагенам” будуць супернічаць з пераможцам матчаў „Лакаматыў” (Балгарыя) – „Славацка” (Чэхія). Калі чэмпіён Беларусі салігорскі „Шахцёр” пераможа люксембургскі клуб „Фола”, то сустрэнецца з лепшай камандай пары „Лінфілд” (Паўночная Ірландыя) – „Борац” (Боснія і Герцагавіна). Беларускія клубы свае першыя матчы 2-га кваліфікацыйнага раўнду правядуць 22 ліпеня, ў адказ сустрэчы пройдуць 29 ліпеня.

„Напалі” адхіліў прапанову „Манчэстар Юнайтэд” па абаронцу Каліду Кулібалі

„Напалі” адхіліў прапанову „Манчэстар Юнайтэд” па абаронцу Каліду Кулібалі. Англійскі клуб прапанаваў за 30-гадовага сенегальца 30 мільёнаў еўра, што не задаволіла кіраўніцтва неапалітанцаў. У італьянскім клубе маюць намер выручыць найменьш 50 мільёнаў еўра за свайго абаронцу.

Нашэсце вустрыц паставіла пад пагрозу спаборніцтвы па веславанні на Алімпійскіх гульнях

У Такійскім заліве, дзе павінны прайсці алімпійскія спаборніцтвы па веславанні, да буёў, размешчаным уздоўж воднай трасы, сталі масава прымацоўвацца вустрыцы, гэта паставіла пад пагрозу спартовае спаборніцтва. Адзначаецца, што паплаўкі былі ўсталяваныя для таго, каб прадухіліць ўзнікненне хваль на паверхні, аднак пад вустрыцамі яны пачалі тануць. Буі, разгорнутыя на воднай трасе на працягу 5,6 км, прыйшлося альбо выцягваць на бераг і чысціць там, альбо рабіць гэта ў вадзе з дапамогу дайвераў. Кошт такога абслугоўвання склаў 1 мільён 280 тысяч даляраў, у агульнай складанасці было вынята 14 тон вустрыц.

Беларускае Радыё Рацыя