„Шахцёр” ці менскае „Дынама”?
27 тур футбольнага чэмпіянату Беларусі не праясніў сітуацыю ў змаганні за сярэбраныя ўзнагароды. Прэтэндэнты на другое месца паралельна дамагліся вікторый і захавалі статус-кво. Менскае „Дынама” прапусціла першым ад бабруйскай „Белшыны” – прычым ужо на 2-й хвіліне, але пасля, „закасаўшы рукавы”, падначаленыя Сяргея Бароўскага дыктавалі свае ўмовы. Дуплетам яшчэ да перапынку выстраліў Уладзімір Хвашчынскі (29-я і 39-я хвіліны). У другім тайме ўкраінскі легіянер Юры Габоўда пасля эфектнай камбінацыі замацаваў поспех „бела-блакітных” – выніковыя 3:1. У гэты ж дзень салігорскі „Шахцёр” адолеў гарадзенскі „Нёман” –1:0. Адзіны мяч забіў Ігар Бурко з перадачы Мікалая Януша на 64-й хвіліне.
Тэарэтычна не вырашана і справа з бронзай. Шанцы на яе яшчэ захоўваюць ФК „Мінск” і жодзінскае „Тарпеда”. У нядзелю сталічны клуб у гасцях мінімальна перамог футбольны клуб „Слуцк” – 1:0. Адзіны гол на рахунку Леаніда Ковеля. Крыху пазней жодзінцы на сваім стадыёне давялі сваю перавагу над мазырскай „Славіяй” – 2:0. Абодва мячы з пенальці забіў Вадзім Дземідовіч.
Становішча ў верхняй частцы табліцы за тры туры да фінішу такое: 1. БАТЭ (Барысаў) – 67 ачкоў. 2. „Шахцёр” – 52, 3. „Дынама” (Менск) – 49, 4. ФК „Мінск” – 44, 5. „Тарпеда” – 43.
Беларускае Радыё Рацыя