Шаранговіч вызначыўся ў трэцім матчы НХЛ запар
Беларускі нападнік „Нью-Джэрсі” Ягор Шаранговіч закінуў шайбу ў першым перыядзе матча рэгулярнага чэмпіянату НХЛ супраць „Вашынгтона”, у якім „д’яблы” перамаглі ў авертайме 4:3. Такім чынам, форвард упершыню ў кар’еры набраў ачкі ў чатырох матчах НХЛ запар. Акрамя таго, беларус другі раз у кар’еры вызначыўся ў трох гульнях запар. Усяго ў гэтым сезоне Шаранговіч зарабіў 14 (7+7) ачкоў у 30 сустрэчах. Тым часам „Вашынгтон” камандзіраваў беларускага форварда Аляксея Протаса ў фарм-клуб „Хершы Бірз” у АХЛ. 20-гадовы Протас дэбютаваў у НХЛ 1 лістапада ў сустрэчы супраць „Тампы” і набраў шэсць ачкоў (2+4) у 22 гульнях „Кэпіталз” у бягучым сезоне.
Менскае „Дынама” адправілася на выязную серыю КХЛ усяго з адным брамнікам
Хакеісты „зуброў” працягваюць барацьбу за тое, каб захаваць свае пазіцыі ў васьмёрцы наймацнейшых каманд Заходняй канферэнцыі. Яны адправіліся на выязную серыю чэмпіянату КХЛ у Чарапавец. Усяго ў спісе 26 хакеістаў, паведаміла прэс-служба „зуброў”. Віталь Пінчук, Павел Дзянісаў, Дзмітрый Дзярабін камандзіраваны ў „Дынама-Маладзечна”. У Менску па медыцынскіх паказаннях засталіся Аляксей Коласаў, Сяргей Бальшакоў і Аляксандр Сувораў, – перадае hcdinamo.by. Першую сустрэчу выязной серыі „зубры” правядуць сёння супраць чарапавецкай „Северсталі”, затым іх чакае падмаскоўны „Віцязь” і омскі „Авангард”. „Дынама” зараз займае ў Заходняй канферэнцыі КХЛ восьмае месца, набраўшы 50 балаў пасля 44 гульняў.
Ілля Івашка згуляе супраць Рышара Гаске ў першым туры турніру АТР 250 у Мельбурне
Стала вядома сетка турніру ATP 250 у Мельбурне, які пройдзе на наступным тыдні. Беларус Ілля Івашка, які мае 48 нумар сусветнага рэйтынгу, стартуе на турніры матчам супраць 87-й ракеткі планеты Рышара Гаске з Францыі. Беларус з’яўляецца шостай ракеткай турніру.
Берасцейскае Дынама выйдзе з адпачынку 10 студзеня
Аб планах на перадсезонную падрыхтоўку і бліжэйшых спарынгах будзе аб’яўлена пазней. Па выніках мінулага чэмпіянату берасцейцы размясціліся на шостай пазіцыі ў табліцы, набраўшы 38 балаў. У снежні каманду пакінуў нападнік Станіслаў Беленькі, які стаў найлепшым бамбардзірам Дынама. Лепшым у складзе берасцейцаў у мінулым сезоне быў прызнаны галкіпер Раман Сцяпанаў.
Аляксандр Гутар і Ігар Стасевіч выстаўлены на трансфер
Гульцам салігорскага „Шахцёра” было прапанавана пайсці на істотнае паніжэнне ў заробку, але на дадзены момант гульцы не прынялі новыя ўмовы, прапанаваныя клубам. Раней з’явілася інфармацыя аб тым, што футбольны клуб „Львоў” можа ўзмацніцца вопытным брамнікам салігорскага „Шахцёра” Аляксандрам Гутарам. Ягор Філіпенка – на новыя ўмовы працадаўцы пагадзіўся, таму чарговы сезон пачне ў Салігорску.
Нагадаю, што па выніках мінулага сезона Чэмпіянату Беларусі „Шахцёр” стаў чэмпіёнам.
Ліверпуль на выездзе не ўтрымаў перамогу над Чэлсі
У цэнтральным матчы 21-га тура англійскай Прэм’ер-лігі „Чэлсі” на хатняй арэне падзяліў ачкі з „Ліверпулем” — 2:2. Ужо да сярэдзіны першага тайма госці стварылі сабе перавагу ў два мячы намаганнямі Садыё Мане і Махамеда Салаха. Аднак яшчэ да перапынку „арыстакраты” адыграліся – вызначыліся Матэа Ковачыч і Крысціян Пулішыч. У другой палове камандам так і не ўдалося вырваць перамогу.
З-за падазрэння на каронавірус кіраваць „Ліверпулем” у гэтай гульні не змог Юрген Клоп. Па аналагічнай прычыне сустрэчу прапускалі Алісан, Фірміна і Маціп. «Чэлсі” застаўся другім у табліцы АПЛ, „Ліверпуль” ідзе следам. У матчы 19-га тура іспанскай Прымеры «Мальёрка» прымала «Барселону». Сустрэча завяршылася перамогай каталонцаў 1:0. Адзіны гол у матчы быў забіты ў канцоўцы першага тайма. На 44-й хвіліне вызначыўся нападнік «Барсы» Люк дэ Ёнг. У іншых матчах чэмпіяната Іспаніі «Атлетыка” дзякуючы дублю Карэа адолеў «Раё Вальякана” 2:0. „Рэал” на выездзе нечакана саступіў „Хетафе” – 0:1. Адзіны мяч у гульні на дзявятай хвіліне забіў Энэс Унал, які скарыстаўся памылкай Мілітао. Каманда Карла Анчалоці з 46 ачкамі ўпэўнена ўзначальвае табліцу Прымеры, апярэджваючы „Севілью” на восем балаў. Аднак сметанковыя згулялі на два матчы больш.
У беларускіх дзюдаістаў новы трэнер
Галоўным трэнерам зборнай Беларусі па дзюдо з новага года стаў Андрэй Казусёнак, на гэтай пасадзе ён змяніў Леаніда Свірыда, паведамляе Sputnik. На рахунку Казусёнка трэцяе месца на чэмпіянаце свету па дзюдо, дзве „бронзы” і „золата” кантынентальных форумаў. Ён таксама ўдзельнічаў у Алімпіядзе-2008 у Пекіне, дзе дайшоў да стадыі чвэрцьфіналу, але далей прабіцца не здолеў. На новай пасадзе Казусёнак будзе рыхтаваць беларускіх дзюдаістаў, сярод яго прапаноў – больш давяраць у падрыхтоўцы асабістым трэнерам, больш пільна сачыць за аднаўленнем спартоўцаў, бо „раней было шмат траўм”.
Новаспечаны настаўнік называе сваёй асноўнай задачай заваяванне медаля галоўнага старту чатырохгоддзя. „Беларусі патрэбны медаль Алімпійскіх гульняў, бо мы даўно не спрабавалі золата на смак”, – дадаў Казусёнак. Беларускія дзюдаісты апошні раз заваёўвалі медаль Алімпіяды на Гульнях у Афінах-2004. Тады на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ўздымаўся Ігар Макараў у вагавай катэгорыі да 100 кілаграмаў.
Экіпаж Сотнікава выйграў першы этап „Дакара”
Экіпаж „Камаз-майстар” пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Сотнікава выйграў першы этап ралі-марафону „Дакар-2022” у заліку грузавікоў. Гоншчыкі пераадолелі ў нядзелю 333 кіламетры спецвучастка. Экіпажу Сотнікава ўдалося праехаць адлегласць за 3 гадзіны 53 хвіліны 14 секунд. На другім месцы размясціліся таварышы па камандзе пад кіраўніцтвам Эдуарда Нікалаева з адставаннем 38 секунд. Замкнуў тройку лідараў экіпаж чэха Алеша Лопрайса з Instaforex Loprais Praga з адставаннем 9 хвілін 15 секунд. Сёлета ўпершыню за шмат гадоў у „Дакары” не ўдзельнічае каманда беларускага „МАЗ-СПОРТаўта”. З-за санкцый у дачыненні да Беларусі „чырвоных зуброў” не дапусцілі на ралі рэйд.
Беларускае Радыё Рацыя