Шаркоўскі пакінуў БАТЭ



Паўабаронца Цімафей Шаркоўскі пакінуў БАТЭ. Футбаліст выступаў за барысаўчан з 2022 года. За гэты час Шаркоўскі правёў 22 матчы і вызначыўся адным голам і адной выніковай перадачай.

Анчалоці ўзначаліць зборную Бразіліі летам 2024-га

Галоўны трэнер «Рэала» Карла Анчалоці стане коўчам зборнай Бразіліі летам 2024 года, паведамляе Globo. Італьянец зможа падпісаць папярэднюю дамову з «пентакампеонамі» не раней за студзень наступнага года, калі ў яго застанецца паўгода кантракту з «Рэалам». Карла перад сваім прыходам хацеў бы мець даверанага чалавека на чале зборнай Бразіліі, які б працаваў разам з цяперашнім трэнерам Рамонам Менезэсам.

Гулец зборнай Беларусі пакіне жлобінскі «Металург»

Як паведамляе прэс-служба «Металурга», абаронца зборнай Беларусі па хакею Дзмітрый Корабаў пакіне жлобінскую каманду. Ён працягне кар’еру ў іншым клубе. Сезон-2022/23 34-гадовы Корабаў пачынаў у менскім «Дынама», дзе набраў 7 (3+4) ачкоў у 53 гульнях, пры паказчыку карыснасці «0». Пасля гэтага ён перайшоў жлобінскі «Металург» на плэй-оф экстралігі. У 12 матчах ён набраў 5 (0+5) ачкоў, пры паказчыку карыснасці «+2». Разам з «ваўкамі» абаронца стаў чэмпіёнам Беларусі.

Беларускія тэнісісткі правядуць першыя сустрэчы на турніры ў Берліне

Беларускія тэнісісткі сёння прымуць старт на турніры катэгорыі WTA-500 у Берліне з прызавым фондам 780 тысяч даляраў. У 1/16 фіналу адзіночнага разраду экс-першая ракетка планеты Вікторыя Азаранка, а зараз 19-ы нумар сусветнага рэйтынгу, сустрэнецца з 70-й ракеткай планеты Аляксандрай Сасновіч .

Дзямінская перамагла на Гран-пры па стральбе з лука ў Астане

Беларуская лучніца Карына Дзямінская стала пераможцам ІІ Міжнароднага турніру Grand Prix Astana – 2023 у Казахстане, паведамілі карэспандэнту агенцтва „Мінск-Навіны” ў прэс-службе НАК. У фінале падчас дадатковых спроб беларусцы ўдалося набраць больш ачкоў, чым яе суперніцы Ганне Марсавай. Таксама нашы суайчыннікі Анастасія Трутчанкава і Філіп Курленка сталі трэцімі ў камандным міксце, а ў Анастасіі Нікіфарэнкі – бронза сярод юніёрак.

Беларускае Радыё Рацыя