Шасцёх расейцаў выклікалі у зборную Беларусі па хакеі
На „Мінск-Арэне” стартаваў трэнінг-кэмп беларускай нацыянальнай зборнай па хакеі. Як і анансавалася, склад на лістападаўскую міжнародную паўзу будзе эксперыментальным. Шанец праявіць сябе атрымаюць, у тым ліку, хакеісты з экстралігі, а таксама патэнцыйныя навічкі зборнай. Галоўны трэнер нашай каманды Крэйг Вудкрафт выклікаў у кэмп 30 хакеістаў, у тым ліку 6 натуралізаваных расейцаў. У ростер трапілі тры брамнікі, 12 абаронцаў і 15 нападнікаў.
Збор на „Мінск-Арэне” працягнецца два дні, пасля чаго наша каманда адправіцца ў Славенію, дзе згуляе на „Турніры чатырох нацый” супраць гаспадароў, а таксама зборных Аўстрыі і Францыі. Асіставаць Крэйгу Вудкрафту падчас лістападаўскай міжнароднай паўзы будзе трэнер маскоўскага „Спартака” Канстанцін Кальцоў, паведамляе hockey.by.
Дзмітрый Калгоцін, які мае беларускі пашпарт, атрымаў пералом сківіцы, тварам заблакаваўшы кідок
Форвард „Сочы” Дзмітрый Калгоцін, у якога ёсць беларускі пашпарт, атрымаў пералом сківіцы ў матчы з „Тарпеда”.
Экс-нападнік „Юнацтва” тварам заблакаваў кідок Тэадора Ленстрэма. У Калгоціна дыягнаставаны пералом верхняй сківіцы, паведамляе прэс-служба „леапардаў”. У сезоне-2019/20 Дзмітрый Калгоцін выступаў за менскае „Юнацтва”, у складзе якога стаў чэмпіёнам Беларусі і з 40 (12+28) ачкамі ў 56 матчах быў лепшым бамбардзірам каманды ў рэгулярцы. У лютым 2020 года Зміцер Калгоцін атрымаў беларускае грамадзянства.
Шаранговіч трэніруецца ў чацвёртым звяне „Нью-Джэрсі”
Тым часам беларускі нападнік „Нью-Джэрсі” Ягор Шаранговіч трэніруецца ў чацвёртым звяне каманды ў кампаніі з Фрэдэрыкам Гацье і Джымі Весі.
Наступны матч „Дэвілз” правядуць у 3 гадзіны ночы па беларускім часе з „Фларыдай”. „Нью-Джэрсі” займае сёмае месца ў Сталічным дывізіёне, у актыве „д’яблаў” 12 ачкоў пасля дзесяці матчаў.
Шаранговіч набраў 3 балы ў дзесяці сустрэчах пры паказчыку карыснасці „0”.
Форвард „Шахцёра” Дэмба Дарба выкліканы ў зборную Гамбіі
Нападнік „Шахцёра” Дэмба Дарбо выкліканы ў зборную Гамбіі.
„Скарпіёны” правядуць вучэбна-трэніровачны збор у Дубаі, у рамках якога згуляюць таварыскі матч з Новай Зеландыяй. Сустрэча пройдзе 16 лістапада, паведамляе прэс-служба „Шахцёра”.
Дэрба ў гэтым сезоне забіў 19 галоў у 27 матчах чэмпіянату Беларусі, ён лідар бамбардзірскай гонкі. У адным з апошніх інтэрв’ю ён заявіў, што калі яго ўсё задаволіць, ён застанецца ў „Шахцёры”. Яго задача – трапіць у адну з топ-5 ліг Еўропы.
Раман Грыгарчук можа ўзначаліць „Колас”
Прызначэнні і адстаўкі. Украінскі трэнер Раман Грыгарчук, які ў нядаўнім мінулым узначальваў салігорскі „Шахцёр”, стаў прэтэндэнтам на пасаду настаўніка украінскага „Коласа”, чые колеры абараняюць беларусы Мікалай Золатаў і Аляксандр Паўлавец. Пра гэта паведамляе football24.ua.
Перамовы ўладальніка „Коласа” Андрэя Засухі і Рамана Грыгарчука знаходзяцца на завяршальнай стадыі, таму настаўнік можа ўзначаліць клуб з Кавалёўкі ўжо ў найбліжэйшыя дні.
Хаві афіцыйна прадстаўлены ў ролі новага галоўнага трэнера „Барселоны”. Прэзентацыя 41-гадовай легенды каталонскага клуба прайшла на стадыёне „Камп Ноў”.
Хаві з’явіўся перад 25 тысячамі заўзятараў на стадыёне ў суправаджэнні прэзідэнта клуба Жаана Лапорты, фанаты скандавалі імя новага галоўнага трэнера „Барсы”.
Пагадненне Хаві з „Барселонай” разлічана да 2024 года. Ён змяніў на чале клуба галандца Рональда Кумана, звольненага 27 кастрычніка.
„Ньюкасл” на афіцыйным сайце аб’явіў, што новым галоўным трэнерам каманды стаў Эдзі Хау.
З ім падпісаны кантракт да лета 2024 года.
Пасля 11 тураў „Ньюкасл” займае апошняе, 20-е месца ў табліцы АПЛ з 5 набранымі ачкамі.
Раней пасаду галоўнага трэнера „Ньюкасла” пакінуў Стыў Брус. 43-гадовы Эдзі Хау з 2008 па 2020 год з перапынкам на адзін сезон у „Бернлі” трэніраваў „Борнмут”.
Галоўны трэнер „Манчэстэр Юнайтэд” Оле-Гунар Сульшэр не будзе звольнены ў бліжэйшы час пасля паразы ад „Манчэстэр Сіці” 0:2 у 11-м туры АПЛ. Як паведамляе The Guardian, чакаецца, што нарвежац будзе кіраваць камандай у 12-м туры прэм’ер-лігі супраць „Уотфарда”.
Манкуніянцы, якія займаюць 6-е месца ў табліцы, сустрэнуцца з „Уотфардам” на выездзе 20 лістапада.
Зборная Беларусі па гандболе правядзе спарынгі з Венгрыяй і Бахрэйнам
Галоўны трэнер зборнай Беларусі Юрый Шаўцоў распавёў аб праграме падрыхтоўкі да чэмпіянату Еўропы-2022, які пройдзе ў Венгрыі і Славакіі з 13 па 30 студзеня. „Першы этап падрыхтоўкі скончыўся. Другі пачнецца 18 снежня. На жаль, Вастрашапкін і іншыя прадстаўнікі расейскай Суперлігі 25-26-га яшчэ гуляюць. Яны далучацца пазней, ужо на трэцім этапе. А пасля Новага года запланаваны выезд на турнір у Венгрыю. Супернікі – гаспадары і Бахрэйн. Так што перад чэмпіянатам Еўропы правядзем яшчэ два матчы”, – адзначыў Шаўцоў. На папярэднім этапе ЧЕ-2022 беларусы згуляюць у адным квартэце з камандамі Германіі, Аўстрыі і Польшчы.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя