Шкурын трапіў у стартавы склад «Сталі» ў першым туры чэмпіянату Польшчы



Беларус Ілля Шкурын трапіў у стартавы склад «Сталі» на матч першага тура чэмпіянату Польшчы супраць «Краковіі».

Мінулы сезон форвард правёў у другаліговым ізраільскім «Макабі» Пэтах-Цікве, дзе забіў 15 мячоў, аддаў 4 галявыя перадачы. У мінулым сезоне „Сталь” заняла 11-е месца ў экстракласе.

Іспанец Рыера ўзначаліў «Цэле» Маеўскага

Былы галоўны трэнер менскага «Дынама» Раман Піліпчук пакінуў аналагічную пасаду ў славенскім «Цэле». Клуб абвясціў аб прызначэнні на вызваленую пасаду іспанскага спецыяліста Альберта Рыеры, які ў мінулым сезоне выйграў з «Алімпіяй» з Любляны чэмпіянат і кубак. У «Цэле» працягвае працаваць і былы паўабаронца зборнай Беларусі Іван Маеўскі.

Мбапэ зацікавіў «Чэлсі» і яшчэ адзін клуб АПЛ

Некалькі клубаў плануюць ці ўжо прынялі меры, каб паспрабаваць улетку падпісаць Кіліяна Мбапэ, якога «ПСЖ» выключыў са складу каманды на турнэ ў Японіі, паведамляе RMC Sport. У прыватнасці, гэта «Чэлсі» і «Аль-Хілаль». Лонданскі клуб выразна выказаў сваю пазіцыю і запытаў інфармацыю па гульцу, але афіцыйную прапанову яшчэ не зрабіў. Каманда з Саудаўскай Аравіі прапанавала футбалісту 400 мільёнаў еўра і двухгадовы кантракт, а «ПСЖ» – 200 мільёнаў еўра. У «Аль-Хілале» не выключаюць далейшы продаж нападніка праз год у «Рэал». Калі да 31 ліпеня Мбапэ не пагодзіцца падоўжыць кантракт, то «ПСЖ» гатовы прыняць прапанову аравійцаў. Прынамсі яшчэ адзін неназваны клуб АПЛ спрабуе даведацца, ці магчымы трансфер 24-гадовага француза і на якіх умовах. Дзеючы кантракт Мбапэ з «ПСЖ» заканчваецца праз год.

Месі – адзіны гулец, які забіў 700 галоў без уліку пенальці

Пераможны гол форварда «Інтэра» Маямі Ліянэля Месі ў браму мексіканскага «Крус Асуль» (2:1) у першым туры групавога этапу Leagues Cup стаў для футбаліста юбілейным. Гэта 700-ы гол у кар’еры 36-гадовага аргенцінца без уліку пенальці. Месі – адзіны ў гісторыі гулец, якому скарылася дадзенае дасягненне.

Казахстан і Узбекістан хочуць прыняць чэмпіянат свету-2034

Такую ідэю выказаў кіраўнік Федэрацыі футбола Казахстана Адзілет Барменкулаў. Бакі абмеркавалі план на саміце федэрацый цюркамоўных краін Цэнтральнай Азіі. Сяброўскія адносіны паміж дзвюма федэрацыямі ў апошнія гады выйшлі на больш высокі ўзровень дзякуючы таму, што арганізуюцца таварыскія матчы паміж зборнымі і клубамі. Нагадаем, чэмпіянат свету-2026 пройдзе ў Канадзе, Мексіцы і ЗША, гаспадары турніру-2030 пакуль не вызначаны

«Мінск» заключыў кантракты з Матавілавым, Секушэнка і Агунгбемі-Джэксанам

Баскетбольны клуб «Мінск» абвясціў пра падпісанне абаронцы Рыгора Матавілава, разыграваючага Джарэда Агунгбемі-Джэксана і нападніка Арцёма Секушэнкі. Матавілаў – расейскі абаронца, які ў мінулым сезоне выступаў за «Енісей». Секушэнка – далучыўся да менчукоў мінулым летам, але ў мінулым сезоне гуляў за рэзервовую каманду. З ім заключаны кантракт на адзін сезон. Агунгбемі-Джэксан – канадскі разыграваючы. Мінулы сезон абаронца правёў у французскім «Entente Orleans 45».

Алена Амялюсік прыме ўдзел у жаночым „Тур дэ Франс”

Заўтра ў мужчын завяршаецца самая прэстыжная на шашы шматдзёнка — „Тур дэ Франс”, якая абышлася без беларускага прадстаўніцтва. А вось у жанчын усё толькі пачнецца. Іх веламарафон у нядзелю толькі стартуе. Пры гэтым пры ўдзеле беларускі. Каманда UAE, дзе першы сезон праводзіць Алена Амялюсік, прэзентавала склад на „Вялікую пятлю”. Дарэчы, летась у агульным заліку Амялюсік заняла 19-е месца. 34-гадовая Амялюсік — самая вопытная ў складзе сваёй каманды. Праўда, вынікі Алены сёлета не ўражваюць. Яна ні разу не пападала ў топ-10 на гонках сусветнага календара.

Беларускае Радыё Рацыя