Шостая перамога хакеістаў гарадзенскага „Нёмана”
Хакеісты гарадзенскага „Нёмана” здабылі шостую запар перамогу ў экстралізе. У гасцявым матчы чэмпіёны Беларусі адолелі „Дынама-Маладэчна” 6:2 (2:0, 1:1, 3:1).
Падапечныя Сяргея Пушкова ўпэўнена правялі гульню, адкрыўшы лік пасля дакладнага кідка Міхаіла Стэфановіча (які аформіў голавы дубль у ходзе паядынку) ужо на трэцяй мінуце гульні, а да пачатку другога перыяду перавага гарадзенцаў вырасла да трох шайбаў. Фарм-клуб менскага „Дынама” стараўся скараціць адставанне. Разам з маладымі гульцамі на пляцоўку ў маладэчанцаў выходзілі і вопытныя хакеісты: варатар Сцяпан Гарачэўскіх, нападнік Аляксандр Мацярухін. Гаспадары востра атакавалі, але ў заключныя дваццаць мінут сустрэчы госці змаглі яшчэ тройчы трапіць у вароты „Дынама-Маладэчна”. Каманда Дзмітрыя Краўчанкі толькі на 55-й мінуце змагла забіць зноў. Дакладны кідок пры розыгрышы колькаснай большасці ўдаўся маладому нападніку Андрэю Бялевічу.
Галоўны трэнер маладэчанцаў Дзмітрый Краўчанка пасля матчу адзначыў, што яго падапечныя не саступілі супернікам у руху, але больш павольна прымалі рашэнні на пляцоўцы, што і паўплывала на агульны вынік. Для „Нёмана” гэта ўжо шостая перамога запар у экстралізе, а няўдачны перыяд у кастрычніку, калі дзеючыя чэмпіёны прайгралі нямала важных матчаў (напрыклад, „Юнацтву” 0:6), у мінулым, падкрэсліў настаўнік гарадзенцаў Сяргей Пушкоў.
У сярэдзіне турнірнай табліцы разгортваецца ўпартая барацьба за пападанне ў шасцёрку мацнейшых на другім этапе чэмпіянату. Жлобінскі „Металург” перамог „Ліду” з лікам 5:3.
Турнірная табліца экстралігі: 1. „Шахцёр” – 53 ачкі (20 матчаў). 2. „Юнацтва” – 51 (19). 3. „Гомель” – 41 (19). 4. „Нёман” – 39 (17). 5. „Дынама-Маладзечна” – 34 (19). 6. „Беларусь U-20” – 32 (20). 7. „Металург” – 27 (19). 8. „Ліда” – 23 (20). 9. „Хімік” (Наваполацк) – 20 (20). 10. „Магілёў” – 15 (20). 11. „Віцебск” – 12 (20). 12. „Брэст” – 4 (20).
Чарговыя матчы ў экстралізе адбудуцца 23 лістапада: „Дынама-Маладэчна” – „Шахцёр” (18.30, тэлеканал „Беларусь 5” правядзе прамую трансляцыю сустрэчы), „Брэст” – „Металург”, „Магілёў” – „Гомель”, „Ліда” – „Хімік”, „Нёман” – „Віцебск”.
Першы этап завершыцца 2 снежня гульнёй „Гомель” – „Нёман”, пасля чаго 12 каманд будуць падзелены на дзве падгрупы („А”, „Б”) і згуляюць у чатыры кругі. У першую ўвойдуць клубы, якія занялі месцы з першага па шостае, у другую – з сёмага па дванаццатае. Па выніках гэтай стадыі шэсць каманд падгрупы „А” і дзве лепшыя з падгрупы „Б” выступяць у плэй-оф экстралігі.