Шостая вікторыя „зуброў” запар!
Менскае „Дынама”, вярнуўшыся з працяглага турнэ па Расеі, працягвае перамагаць у КХЛ расейскія клубы. На гэты раз на сваім лёдзе „зубры” у напружаным змаганні адолелі моцны яраслаўскі „Лакаматыў” – 2:0. Пры тым у першым перыядзе бела-блакітныя з-за траўмаў страцілі двух гульцоў – Андрэя Сцяпанава і Ніка Бэйлена.
Лік быў адкрыты ў першым перыядзе – у гаспадароў арэны на 8-й хвіліне вызначыўся Нік Бэйлен. Такое становішча трымалася амаль да самай фінальнай сірэны. Калі ж госці замянілі брамніка шостым палявым гульцом, Роб Клінкхаммер здолеў уцячы ў чужую зону і даслаў шайбу ў пустую брамку. Ёсць 6-я вікторыя запар! Можна павіншаваць і брамніка „зуброў” Бена Скрывенса з другім шот-аўтам у сезоне.
Пасля 13 гульняў менскае „Дынама” набрала 28 ачкоў і ўзнялося на 6-е месца Заходняй канферэнцыі. Па страчаных ачках беларускі клуб увогуле на другой пазіцыі. Наступны паядынак пройдзе ў Менску 6 кастрычніка – супернікам будзе падмаскоўны „Віцязь”.