Шпакоўскі, Паліцэвіч, Быкаў і Марозаў выкліканы ў нацыянальную зборную Беларусі




Брамнік Дзяніс Шпакоўскі, абаронца Сяргей Паліцэвіч, паўабаронца Арцём Быкаў і нападнік Уладзіслаў Марозаў трапілі ў канчатковы спіс нацыянальнай зборнай Беларусі перад паядынкамі кваліфікацыі на Еўра-2024. Пра гэта паведаміла прэс-служба менскага „Дынама”. Для Дзяніса Шпакоўскага гэты выклік у галоўную каманду краіны стане дэбютным у кар’еры.

Зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Георгія Кандрацьева будзе змагацца са зборнымі Ізраіля ў пятніцу і Косава у панядзелак. Абодва матчы адбудуцца на стадыёне „Ферэнц Суса” ў венгерскім Будапешце.

Шульга будзе кіраваць юнацкай зборнай Беларусі

Стаў вядомы трэнерскі штаб юнацкай (U-17) зборнай Беларусі па хакеі на наступны сезон. Камандай у вышэйшай лізе будзе кіраваць Дзмітрый Шульга. У мінулым сезоне спецыяліст узначальваў юніёрскую (да 18 гадоў) зборную Беларусі. У рэгулярным чэмпіянаце каманда заняла чацвёртае месца, набраўшы 81 ачко. У плэй-оф юніёрская зборная Беларусі дайшла да фіналу, дзе саступіла пінскім „Ястрабам” у серыі 0-4.

Шымановіч узнялася на 60 пазіцый у рэйтынгу WTA

Беларуска Ірына Шымановіч узнялася на 60 пазіцый у рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Перад стартам адкрытага чэмпіянату Францыі 25-гадовая мінчанка займала 214-е месца, а потым пасля дэбютнага выхаду ў асноўную сетку турніраў серыі „Вялікага шлема” і пападання ў другі раунд перамясцілася на 154-ы радок. Для Ірыны Шымановіч гэта пакуль найлепшая пазіцыя ў сусветным рэйтынгу. Арына Сабаленка засталася другой ракеткай планеты, Вікторыя Азаранка займае 19-е месца, Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 71-м радку. Узначальвае рэйтынг пераможца «Ралан Гарос» полька Іга Свёнтэк.

У рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) зноў змяніўся лідэр – на першы радок вярнуўся серб Новак Джокавіч, які выйграў у Парыжы свой 23-і тытул на спаборніцтвах серыі „Вялікага шлема”. Фіналіст „Ралан Гарос” нарвежац Каспер Рууд застаўся на 4-й пазіцыі. Лепшы з беларускіх тэнісістаў Ілля Івашка займае 83-е месца.

Зборная Беларусі пацярпела паразу ад расейцаў у другім спарынгу

Зборная Беларусі па баскетболе ў Маскве прайграла нацыянальнай камандзе Расіі ў спарынгу – 78:83. У беларусаў самым выніковым гульцом стаў Уладзіслаў Блізнюк з 18 ачкамі.
9 чэрвеня ў першым таварыскім матчы мацней апынулася зборная Беларусі 83:80.

Паддубны падоўжыў кантракт з „Нёманам”

Расійскі нападнік Герман Паддубны падпісаў кантракт з гарадзенскім „Нёманам”, паведамляе прэс-служба клуба. Мінулы сезон нападнік таксама правёў у гарадзенскай камандзе, дзе ў 50 гульнях форвард набраў 45 (22+23) ачкоў, а ў плэй-оф — 11 (6+5) балаў у 18 паядынках.

Фралоў заваяваў бронзу турніру Гран-пры ў Гаване

Беларускі цяжкаатлет Андрэй Фралоў заваяваў бронзавы медаль турніру Гран-пры ў Гаване, які з’яўляецца адным з кваліфікацыйных турніраў да Алімпіяды-2024. У вагавай катэгорыі да 73 кг беларус у суме двубор’я паказаў трэці вынік – 322 кг (штуршок – 147 кг і рывок – 181 кг). Фралова апярэдзілі толькі амерыканец Раян Грымсленд – 327 кг і турак Мухамед Азбек – 324 кг. Раней першы медаль беларускай каманды ў кубінскай сталіцы заваяваў чэмпіён Еўропы Генадзь Лапцеў, які стаў срэбраным прызёрам у вагавой катэгорыі 61 кг.

Памёр Сільвіо Берлусконі

Былы прэм’ер-міністр Італіі Сільвіо Берлусконі памёр на 87-м годзе жыцця. Смерць наступіла ў шпіталі. У апошнія месяцы Берлусконі меў праблемы са здароўем. У мінулым Берлусконі быў прэзідэнтам міланскага футбольнага клуба „Мілан”. У апошнія гады ён кіраваў „Монцэй”.

Беларускае Радыё Рацыя