“Што гэтыя людзі разумеюць у нацыянальнай ідэі?..”



Спікеры сустрэчы Беларускай федэрацыі футбола і МУС вызначылі дэфіцыт нацыянальнай ідэі на стадыёне.

Нагадаем, днямі адбылася сустрэча старшыні Беларускай федэрацыі футбола Сяргея Румаса з міністрам унутранх спраў Ігарам Шуневічам. Мякка будзе сказана, некарэктныя паводзіны міліцыянтаў на стадыёнах у адносінах да заўзятараў і сталі галоўнай тэмай размовы. “Закранулі пытанне выкарыстання падчас матчаў на стадыёнах рознай сімволікі, – гаворыцца ў паведамленні МУС. – Прадстаўнікі АБФФ падтрымалі пазіцыю МУС у супрацьдзеянні з’яўленню на трыбунах рознага роду экстрэмісцкіх, ваколпалітычных і радыкальных банераў, плакатаў і г.д. Разам з тым, спікеры прызналі, што сёння на трыбунах існуе дэфіцыт нацыянальнай ідэі і афіцыйных дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь”.

Відаць, афіцыйна зарэгістраваны герб “Пагоні” для міліцыянтаў уваходзіць у спіс “экстрэмісцкіх” ці “ваколпалітычных” сімвалаў, бо многія заўзятары церпяць менавіта з-за гэтага. Як самі аматары футбола адрэагавалі на такую заяву МУС? Вось што яны пішуць на форумах спартыўных выданняў:

Быццам ізноў патрапіў у СССР і праслухаў паведамленне ТАСС. На сустрэчы прысутнічалі таварышы, адбыўся абмен меркаваннямі… Шмат слоў і ніякай канкрэтыкі. Хаця навошта прыдумваць веласіпед? Вазьміце за аснову вопыт Польшчы ці Германіі. А то зараз будуць год пісаць праграму “Па далейшаму развіццю…”, падключаць групу вучоных-гісторыкаў па адраджэнні нацыянальнай ідэі і вывучэнні сімвалаў на банерах, плакатах і іншай атрыбутыцы”.

Трэба аддаць загад, каб стадыёны запаўнялі школьнікі, студэнты – і ўся справа”.

Хочацца спытаць: што гэтыя людзі агулам разумеюць у футболе, маркетынгу і нацыяльнальнай ідэі?

У нас ва ўсёй арміі праўладных чыноўнікаў няма нацыянальнай ідэі. Дзеля свайго месца яны гатовыя рваць гістарычныя святыні, таптаць гісторыю і мову, прадаваць Беларусь агрэсарам… А вы пра нейкую нацыянальную ідэю на стадыёнах кажаце”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nn.by