Што „свеціць” беларускім хакеістам у Чэхіі?



Экс-галкіпер зборнай Беларусі па хакеі Леанід Фацікаў распавядае пра шанцы беларусаў на хакейным чэмпіянаце свету, які 1 мая распачынаецца ў Чэхіі.

Першынство пройдзе з 1 па 17 мая, свой першы матч беларусы згуляюць 2 мая з камандай Славеніі.

Леанід Фацікаў: Калі “зоркі сыйдуцца”, то каманда можа паўтарыць свой мінулагодні поспех – 7-е месца на дамашнім першынстве. Праўда, у гэтым я моцна сумняваюся, ізноў такое дасягнуць будзе неверагодна складана. Але ў спорце няма нічога немагчымага. На кожную гульню каманды выходзяць пры ліку 0:0. Таму, як кажуць, усё шчасце ў руках саміх хакеістаў і трэнерскага штаба. І, безумоўна, фартуна не пашкодзіць.

РР: У “беларускай” папярэдняй групе тры асноўныя фаварыты – ЗША, Фінляндыя і Расея. Іх можна абыграць ці лепш пра гэта і не марыць?

Леанід Фацікаў: Калі раней мы ў іх выйгравалі, то чаму цяпер гэта нельга зрабіць? Матч доўжыцца 60 хвілін і за гэты час любую зборную можна абыграць. Мы выгравалі ў моцных сапернікаў, прайгравалі слабым… На чэмпіянаце прагнозы рабіць не верта. Галоўная, каб беларускія гульцы выціснулі з сябе максімум.

РР: Год назад беларуская каманда выступала ў родных сценах. Гэта дадае сілаў?

Леанід Фацікаў: З аднаго боку – так, бо дома і сцены дапамагаюць, але ж ёсць яшчэ і псіхалагічны ціск, калі ад цябе дома ўсе чакаюць выніку. На некаторых гэта цісне, хтосьці наадварот ад гэтага толькі лепш гуляе. Усё па-рознаму.

РР: Ваш прагноз выступлення беларускай каманды на чэшскім першынстве?

Леанід Фацікаў: Спадзяюся, што зборная выйдзе з групы і дасць бой у наступным раундзе. Але гэта нават не прагноз, а мае асабістыя спадзяванні. Хачу пажадаць усім поспеху!

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя