Шведы і фіны выйшлі на Еўра-2020



Напярэдадні вызначыліся яшчэ дзве зборныя, якія забяспечылі сабе ўдзел у фінальнай частцы чэмпіянату Еўропы-2020 года.

Да раней заваяваўшых гэтае права зборным Расеі, Бельгіі, Італіі, Польшчы, Іспаніі, Украіны, Турцыі, Францыі, Англіі і Чэхіі далучыліся нацыянальныя каманды Швецыі і Фінляндыі, якая ўпершыню трапіла на Еўра. Шведы, дзякуючы голу і галявой перадачы Маркуса Берга, абыгралі з лікам 2:0 зборную Румыніі. Зборная Фінляндыі на хатнім стадыёне разграміла каманду Ліхтэнштэйна з лікам 3:0. З іншых вынікаў адборавых матчаў адзначу буйную перамогу Іспаніі над Мальтай 7:0, а таксама 9-ю перамогу запар зборнай Італіі. На гэты раз скуадра-адзура была мацней за Боснію і Герцэгавіну 3:0.

Беларусы завершаць адборавы турнір матчам з немцамі

Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі сёння правядуць  заключны матч адборавага турніру чэмпіянату Еўропы-2020 супраць каманды Нямеччыны.  Сустрэча беларускіх і нямецкіх футбалістаў пройдзе на полі стадыёна „Барусія-Парк” у Мёнхенгладбасе. Гульня пачнецца ў 22.45 па менскім часе і будзе паказана ў прамым эфіры тэлеканала „Беларусь 5”. У першым раўндзе спаборніцтваў у кваліфікацыйнай групе С зборная Беларусі прымала каманду Нямеччыны на полі „Барысаў-Арэны” і саступіла з лікам 0:2.

Гол Месі прынёс зборнай Аргентыны перамогу ў матчы з Бразіліяй

Нацыянальныя каманды Бразіліі і Аргенціны правялі таварыскі матч у Саудаўскай Аравіі. Фінальны свісток зафіксаваў перамогу аргентынскіх футбалістаў з лікам 1: 0. На 10-й хвіліне Бразілія атрымала магчымасць прабіць пенальці, але мяч пасля ўдару нападніка Габрыэла Жэзуса прайшоў міма брамы. Праз тры хвіліны 11-метровы быў прызначаны ўжо на карысць аргентынцаў. Форвард Ліянэль Месі не перайграў галкіпера супернікаў Алісана Бекера, але здолеў дабіць мяч  пасля яго сэйва.

„Нёман” перамог «Данбас»  і сёння згуляе з «Краковіяй»

Хакеісты гарадзенскага „Нёмана” перамаглі ўкраінскі „Данбас” у авертайме стартавага матчу Кантынентальнага кубка IIHF. Сустрэча завяршылася з лікам 4:3. Сустрэча праходзіла з невялікай тэрытарыяльнай перавагай гарадзенскай каманды, у складзе якой закінутымі шайбамі ў асноўны час вызначыліся  Арцём Ляўша, Ягор Сцяпанаў, Ігар Варывончык. Пераможную шайбу ў авертайме закінуў Ягор Сцяпанаў, які аформіў дубль. У  гэтай жа групе польская «Краковія» абыграла казахстанскі „Бейбарыс” — 3:2 і выйшла на першае месца. Сёння «Нёман”, які займае другое месца, згуляе якраз з „Краковіяй”.

Воранаў у паўфінале спыніў выступы на лыжных гонках у Фінляндыі

Беларускі лыжнік Аляксандр Воранаў не прабіўся далей за паўфінальную стадыю мужчынскага індывідуальнага спрынту класічным стылем на лыжным турніры катэгорыі FIS, які праходзіць у фінскім Муоніа. У чвэрцьфінальнай гонцы беларус заняў трэцяе месца. А ў паўфінале Аляксандр Воранаў заняў пятае месца і завяршыў выступы. Яшчэ адзін беларус Ягор Шпунт завяршыў гонку ў чвэрцьфінальнай стадыі.

Зуева паказала 6-ы вынік на хатнім этапе Кубка свету

Беларуска Марына Зуева заняла 6-е месца ў жаночых стартах групы А на дыстанцыі 3000 м этапу Кубка свету па канькабежным спорце ў Менску. Марына Зуева прабегла дыстанцыю за 4 хвіліны 7,803 секунды.  У стартах мужчын на 5000 м у групе А беларусы не выступалі. Жаночая зборная Беларусі ў складзе Яўгеніі Вараб’ёвай, Ганны Ніфантавай і Таццяны Міхайлавай заняла 6-е месца ў выніковым пратаколе групы А каманднага спрынту. У мужчынскім камандным спрынце ў элітнай групе беларусы Арцём Чабан, Ігнат Галавацюк і Віктар Рудэнка замкнулі дзясятку мацнейшых дружын па выніках гэтай дысцыпліны.

Надаль і Звераў выйшлі ў паўфінал выніковага турніру ATP

Іспанец Рафаэль Надаль святкаваў другую перамогу на выніковым турніры АТР у Лондане. У трэцім туры спаборніцтваў у групе Андрэ Агасі – лідар сусветнага рэйтынгу – адолеў у трохсэтавым паядынку грэка Стэфанаса Цыцыпаса – 6:7, 6:4, 7:5. Прадстаўнік Нямеччыны Аляксандр Звераў стаў апошнім удзельнікам паўфінала. Ён перамог расейца Данііла Мядзведзева – 6:4, 7:6. З квартэта Б’ёрна Борга ў паўфінал выйшлі швейцарац Роджэр Федэрэр і аўстрыец Дамінік Цім.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Федэрацыя футбола Фінляндыі