Швецыя лідаруе ў медальным заліку
Спартоўцы Швецыі захавалі лідарства ў медальным заліку пасля чарговага дня XXIV зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне. Першы медаль з’явіўся ў беларускай зборнай – срэбраным прызёрам стаў біятланіст Антон Смольскі. У індывідуальнай гонцы на 20 км 25-гадовы нараджэнец Капыльскага раёна выдатна размеркаваў сілы на дыстанцыі і быў абсалютна дакладны на ўсіх чатырох агнявых рубяжах. Антона Смольскага апярэдзіў толькі французскі біятланіст Кентэн Фіён Мае.
Медальны залік узначальвае каманда Швецыі, у якой 6 узнагарод (4 залатыя, 1 срэбра, 1 бронза). На другой пазіцыі Нідэрланды – 7 (3, 3, 1), трэцяе і чацвёртае месцы дзеляць зборныя Кітая і Германіі, у якіх па 5 медалёў. Алімпійская зборная Беларусі знаходзіцца на 18-м месцы. На п’едэстал пекінскіх Гульняў ужо ўздымаліся прадстаўнікі 22 краін. У пяты дзень Алімпіяды ў раскладзе выступу беларусаў значыцца толькі гарналыжніца Марыя Шканава, для якой галоўнай задачай будзе дабрацца да фінішу ў абедзвюх спробах. Тады пры пэўных умовах і сходу нейкага працэнта суперніц беларуская прадстаўніца зможа разлічваць на пападанне ў топ-30.
Аляксей Каткавец пабіў нацыянальны рэкорд 26-гадовай даўніны
Аляксей Каткавец з нацыянальным рэкордам Беларусі ў кіданні дзіды і новым асабістым дасягненнем выйграў зімовы чэмпіянат Беларусі па доўгіх кіданнях, які праходзіў на базе РЦАП у Мінску. У лепшай спробе Каткавец адправіў снарад на 87 метраў 53 сантыметры. Такім чынам, ён пабіў рэкорд Беларусі 26-гадовай даўніны, які ў 1995 годзе ўсталяваў Уладзімір Сасімовіч – 87 метраў 40 сантыметраў. Нечакана далёкім ва ўмовах наледзі на дарожцы разбегу атрымалася і спроба Таццяны Халадовіч. У чацвёртым выхадзе ў сектар беларуска адправіла дзіду на 65 метраў 70 сантыметраў.
„Іслач” працягнула арэнду Юрыя Казырэнкі
Футбольны клуб „Іслач” працягнуў арэнду 22-х гадовага нападніка Юрыя Казырэнкі. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце „ваўкоў”. Форвард, правы на якога належаць украінскай „Ворскле” далучыўся да беларускага клуба год таму. У мінулым сезоне ён правёў 34 матчы ва ўсіх турнірах, у якіх забіў 3 галы і зрабіў 4 перадачы. Пасля завяршэння чэмпіянату трэнерскі штаб „Іслачы” быў зацікаўлены ў працягу супрацоўніцтва з украінскім футбалістам. У міжсезонне клубы падпісалі новае арэнднае пагадненне, па ўмовах якога Юры правядзе яшчэ адзін сезон за „ваўкоў”.
Ілля Шкурын прыняў удзел у перадсезонным спарынгу паміж кіеўскім „Дынама” і тбіліскімі аднаклубнікамі
Беларускі форвард Ілля Шкурын прыняў удзел у перадсезонным спарынгу на зборах у Турцыі, паміж кіеўскім „Дынама” і тбіліскімі аднаклубнікамі, які кіеўляне выйгралі 1:0. Правёўшы на полі 30 хвілін гульнявога часу, ён не вызначыўся выніковымі дзеяннямі і саступіў месца на полі калегу па амплуа Уладзіславу Ванату.
«Манчэстэр Юнайтэд» згуляў унічыю з «Бёрнлі», які ідзе на апошнім месцы ў АПЛ
У матчы 24-га тура чэмпіянату Англіі па футболе паміж «Бёрнлі» і «Манчэстэр Юнайтэд» была зафіксаваная нічыя 1:1. Паўабаронца манкуніянаў Поль Пагба вызначыўся ў гэтай гульні на 18-й хвіліне, з сярэдзіны штрафной прабіў пад перакладзіну. У пачатку другога тайма Джэй Радрыгес аднавіў роўнасць на табло. Ён атрымаў мяч каля кута штрафной, перайграў абаронцаў і брамніка, пасля чаго з блізкай адлегласці нанёс удар. Першае месца ў англійскай Прэм’ер-лізе займае „Манчэстэр Сіці”. Каманда Хасэпа Гвардыёлы набрала 57 ачкоў у 23 матчах нацыянальнага першынства. На другім месцы ў турніры размяшчаецца „Ліверпуль”. Падначаленыя Юргена Клопа набралі 48 ачкоў. Тройку лепшых каманд краіны замыкае „Чэлсі”. У актыве сініх 47 ачкоў. „Бёрнлі” займае апошняе месца ў лізе. «Манчэстэр Юнайтэд» размяшчаецца на пятай пазіцыі.
„Інтэр” выйшаў у 1/2 фіналу Кубка Італіі
У матчы 1/4 фіналу Кубка Італіі „Інтэр” прымаў „Рому”. Сустрэча прайшла на стадыёне „Сан-Сіра” у Мілане і завяршылася перамогай гаспадароў з лікам 2:0. Ужо на 2-й хвіліне сустрэчы лік адкрыў нападнік «Інтэра» Эдзін Джэка, які раней выступаў у складзе рымскага клуба. На 68-й хвіліне форвард міланскай каманды Алексіс Санчэс усталяваў канчатковы лік сустрэчы. Такім чынам, „Інтэр” выйшаў у паўфінал Кубка Італіі, а „Рома” завяршыла выступы ў турніры. Міланскі клуб згуляе ў 1/2 фіналу з пераможцам пары «Мілан» – «Лацыё». Дзеючым уладальнікам Кубка Італіі з’яўляецца турынскі „Ювентус”.
Беларускае Радыё Рацыя