Швецыя не здолела прайсці Англію
Швецыя – Англія 0:2 (Магуайр, 30, Алі, 59)
Перад матчам Швецыя – Англія мала хто спадзяваўся, што каманды прадэманструюць прыгожую гульню. Абодвум зборным уласцівы практычна ідэнтычны сілавы стыль і стаўка на „другі паверх”. У рэшце рэшт, менавіта такі футбол і ўбачылі заўзятары на стадыёне „Самара Арэна”. Дзіўна толькі тое, што моцныя скандынавы аж двойчы прайгралі верхавую барацьбу і дазволілі сабе забіць ударамі галавой.
Каманда Гарэт Саутгейта з першых хвілін сустрэчы ўзяла мяч пад свой кантроль, але не стварала ніякай вастрыні ля брамы Ольсэна. Шведы надзейна адбівалі ўсе пазіцыйныя атакі «трох львоў». Больш за тое, менавіта скандынавы адзначыліся першым небяспечным момантам у матчы на 12-й хвіліне, калі Клаэсан з далёкай дыстанцыі класна стрэліў – але мяч паляцеў крыху вышэй за браму Пікфарда.
Зборная Англіі ўпершыню сур’ёзна патурбавала Швецыю на 19-й хвіліне. Стэрлінг працягнуў мяч у штрафную, абыграў саперніка і выкаціў сферу пад удар Кейну, а лепшы снайпер чэмпіянату свету зусім крыху не трапіў у далёкі кут. І ўсё ж менавіта падначаленым Саутгейта наканавана было адкрыць лік на 30-й хвіліне. «Сіне-жоўтыя» даволі нечакана прапусцілі пасля стандарту. Янг выканаў падачу з кутавога, а Магуайр выскачыў вышэй за ўсіх і моцным ударам галавой убіў мяч у сетку брамы бездапаможнага Ольсэна.
Пасля забітага мяча Англія цалкам кантралявала гульню і магла падвоіць сваю перавагу перад перапынкам, але Стэрлінг зноў паказаў, што няхай яго і лічаць адным з лепшых вінгераў свету, у яго ёсць вельмі вялікі мінус – Рахім не ўмее забіваць. Форвард „Манчэстэр Сіці”, выскачыўшы на спатканне з Ольсэнам, не здолеў абыграць галкіпера, а з другой спробы прабіў у Гранквіста.
Не паспеў пачацца другі тайм, як Швецыя адразу ж магла зраўняць лік. Аугусцінсан з левага фланга класна навесіў на далёкую штангу, Берг прабіў прама ў кут, але Пікфард выканаў неверагодны сэйв і выратаваў сваю каманду ад прапушчанага голу. Не забіваеш ты – забіваюць табе. Няпісанае футбольнае правіла спрацавала на 59-й хвіліне, калі Алі зрабіў камфортным перавагу зборнай Англіі. Лінгард з правага кута штрафной выканаў выдатную навясную перадачу на далёкую штангу, а нападнік «Тотэнхэма» ўдарам ва ўпор галавой не пакінуў Ольсэну ніякіх шанцаў – той нават не паспеў узняць рукі над галавой.
Швецыя не доўга марудзіла з адказам і толькі цудам не скараціла адставанне ўжо праз тры хвіліны. Пасля бліскучай камбінацыі каманды Андэрсана мяч трапіў да Берга, які метраў з 10-ці трапіў у блізкі кут, але Пікфард зноў прадэманстраваў цуды рэакцыі. На 71-й хвіліне чарговая хуткая атака шведаў зноў завяршылася ўдарам Берга, пасля якога Пікфард перавёў сферу на кутавы. Аднак у скандынаваў не атрымалася арганізаваць фінальнага штурму на браму Англіі, якая пісьменна адсунула гульню да цэнтра поля.
Дарэчы, Швецыя толькі момантамі нагадвала тую каманду, якая вельмі эфектна дзейнічала ў атацы ў папярэдніх матчах. Асабліва расчаравалі Форсберг і Тойванен, якія амаль цалкам былі выключаны з гульні – ні руху наперадзе, ні удараў па браме. А Берг яшчэ раз даказаў, што рэалізацыя – зусім не яго моцны бок.
У канцы матчу каманда Андэрсана амаль не пагражала ўладанням Пікфарда, прызнанага па выніках матча найлепшым гульцом. Затое ангельцы, прадэманстраваўшы сваю прагматычнасць, дамагліся станоўчага выніку.
Зборная Англіі ўпершыню за 28 гадоў выйшла ў паўфінал мундыялю. Гэта чарговы доказ за той аргумент, што парадак і арганізацыя маюць ледзь не самае важнае значэнне ў футболе. Упершыню за доўгі час Англія выглядае даволі самавітай камандай. Магчыма, ёй не хапае пэўнага шарму і эфектнасці, аднак тут кожны разумее і выконвае свае абавязкі. Заснавальнікі футбола пасля вылету галоўных фаварытаў сапраўды могуць марыць аб чымсьці вялікім. Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя