Швецыя выйшла ў чвэрцьфінал ЧС
Сустрэча дзвюх еўрапейскіх дружын – Швецыі і Швайцарыі, як і чакалася, выдалася ўпартай і напружанай.
Гельветы выйшлі на паядынак без двух асноўных дыскваліфікаваных абаронцаў – Ліхштайнера і Шэра, якіх замянілі дублёры. Акрамя гэтага наканечнікам “дзіды” ад пачатку замест Сеферавіча стаў іншы форвард – Дрміч, які ўдала правёў папярэдні матч. У “трэ крунур” была толькі адна змушаная замена – замест Себасцьяна Ларсана выправіўся на поле Густаў Свенсан.
Першы тайм атрымаўся стравай сярэдняй вострасці. На 9-й хвіліне шведы вывелі на перспектыўную пазіцыю Маркуса Берга, але ў таго мяч зваліўся з нагі. Услед уладанні Яна Зоммера ледзь з галавой не накрыла другая скандынаўская хваля. А на 29-й хвіліне брамнік Зоммер пасля стрэлу таго ж Берга па-сапраўднаму ўратаваў “крыжакоў”. Далей актыўнейшымі былі швайцарцы і аднойчы шведская сценка дала трэшчыну, але Джэмалі бахнуў вышэй папярэчыны. На 40-й хвіліне ўжо Альбін Экдаль выявіў сапраўдную гуманнасць, не скарыстаўшыся выдатным момантам. На табло перад адпачынкам засталіся нулі.
У другой палове шведы працягвалі дэманстраваць свой нардычны характар. На другім паверсе гаспадарыў грэнадзёр Гранквіст, наперадзе чапляўся за мяч Тойванен, ну а найбольш крэатыўным у шэрагах “трэ крунур” быў Эміль Форсберг. Менавіта плэймейкер скандынаваў на 66-й хвіліне чарговы вызваліўся ад апекі і прабіў па браме – мяч рыкашэтам ад абаронца Джуру заляцеў у сетку.
Пасля гэтага Уладзімір Петкавіч зрабіў ажно двайную замену – у шматнацыянальны швайцарскі аркестр ўліліся яшчэ камерунец Эмбало і басняк Сеферавіч. Альпійцы пайшлі ва-банк. Швайцарцы малацілі па браме Робіна Ольсэна, а шведы па-хакейнаму клаліся пад мяч. Каманда Яна Андэрсана, як і ў матчы з немцамі зноў зрабіла тактычную памылку і стала гуляць выключна на ўтрыманне. На 91-й хвіліне Хафіс Сеферавіч ледзь не пакараў скандынаваў – свае заслужаныя вісты зарабіў галкіпер Ольсэн. На 94-й хвіліне шведы арганізавалі хуткі адрыў у якім Міхаэль Ланг рукамі заваліў Марціна Ольсана на траву. Славенскі арбітр Скаміна законна выдаліў парушальніка і прызначыў пенальці, які таксама рэзонна пасля відэапаўтору замяніў на штрафны. У выніку Зоммер адбіў стрэл Тойванена, а суддзя даў фінальны свісток.
Швецыя выйшла ў чвэрцьфінал турніру. Яна сапраўды трапіла ў свой 12-гадовы ўдалы цыкл (1958 год, 1970, 1982 (тут мінус, як выключэньне), 1994, 2006, 2018).
Швецыя – Швайцарыя – 1:0 (Форсберг, 66-я).
Беларускае Радыё Рацыя