Шымановіч і Цмыг не трапілі ў прызёры ў першы дзень ЧЕ ў Даніі



Беларускія плыўцы Ілья Шымановіч і Мікіта Цмыг не трапілі ў прызёры ў першы дзень чэмпіянату Еўропы ў 25-метровым басейне ў Капенгагене.

На дыстанцыі 200 м магіляўчанін Мікіта Цмыг паказаў рэзультат 1 мін 52,04 сек. На фінішы беларус уступіў крыху больш за 4 сек пераможцу Кліменту Калеснікаву з Расеі. Гэты плывец 2000 года нараджэння ўстанавіў сусветны юніёрскі і еўрапейскі рэкорд – 1 мін 48,02 сек. Другім фінішаваў Радаслаў Кавецкі з Польшчы – 1 мін 48,46 сек. Бронзавым прызёрам на дыстанцыі 200 м стаў літовец Данас Рапсіс – 1 мін 49,06 сек.

Ілья Шымановіч заняў пятае месца ў фінальным заплыве на дыстанцыі 50 метраў брасам. Ён паказаў рэзультат – 26,02 сек. Залатую ўзнагароду з еўрапейскім рэкордам заваяваў італьянец Фабіа Скацолі (25,62 сек), сярэбраная ўзнагарода дасталася Кірылу Прыгоду з Расеі (25,68 сек), бронза – брытанцу Адаму Піці (25,70 сек).

З восьмым часам (50,63 сек) на дыстанцыі 100 батэрфляем выйшаў у фінал беларус Яўген Цуркін. Вырашальны заплыў адбудзецца 14 снежня ў вячэрняй праграме.

Берасцейка Настасся Шкурдай не прабілася ў васьмёрку мацнейшых на дыстанцыі 100 м на спіне, паказаўшы час у паўфінале 58,47 сек. Для 14-гадовай беларускі гэта першы дарослы чэмпіянат Еўропы па плаванні. У бягучым сезоне Настасся Шкурдай, якая з’яўляецца стыпендыятам Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, заняла чацвёртае месца на чэмпіянаце свету да 18 гадоў на дыстанцыі 50 м батэрфляем, а ў ліпені на Еўрапейскім юнацкім алімпійскім фестывалі ў Венгрыі заваявала залатую ўзнагароду на дыстанцыі 100 м батэрфляем, устанавіўшы новы рэкорд фестывалю – 59,34 сек, і стала сярэбраным прызёрам на дыстанцыі 100 м у плаванні на спіне.

Лідар жаночай зборнай Аляксандра Герасіменя гэтыя спаборніцтвы прапускае і рыхтуецца да летняга сезона. Чэмпіянат Еўропы на кароткай вадзе ў Капенгагене прадоўжыцца да 17 снежня.

belta.by