Шымановіч не прайшла ў асноўную сетку US Open
Беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч не здолела прабіцца ў асноўную сетку апошняга ў сезоне турніру серыі „Вялікага шлема” – адкрытага чэмпіянату ЗША. У паядынку другога кваліфікацыйнага раунда беларуска саступіла расейцы Таццяне Прозаравай, якая да гэтага выбіла з турніру яшчэ адну беларускую тэнісістку Юлію Гатоўку – 3:6, 7:5, 5:7. Раней свае кваліфікацыйныя матчы прайгралі Вольга Гаварцова і Ягор Герасімаў. Такім чынам, на US Open-2023 Беларусь прадставяць Арына Сабаленка, Вікторыя Азаранка, Аляксандра Сасновіч і Ілля Івашка. Матчы асноўнага этапа пройдуць на адкрытых хардавых кортах Нью-Ёрка з 28 жніўня па 10 верасня.
Валейбалісты „Шахцёра” абгулялі ЦСКА на турніры ў Санкт-Пецярбургу
Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” святкавалі трэцюю перамогу на групавым этапе турніру памяці Вячаслава Платонава ў Санкт-Пецярбургу. У трэцім паядынку папярэдняй групы А каманда Віктара Бекшы выйграла ў маскоўскага ЦСКА 3:1. Да гэтага чэмпіёны Беларусі святкавалі дзве вікторыі з сухім лікам 3:0 – над клубам „Газпрам-Югра” з Сургута і ўфімскім „Уралам”.
Андрэй Стась будзе капітанам менскага „Дынама” ў новым сезоне
Падрабязнасцямі падзяліўся галоўны трэнер каманды Дзмітрый Квартальнаў. Капітанам будзе Андрэй Стась. Асістэнты? Дасведчаныя хлопцы: Гарбуноў, Корабаў, Шынкевіч, нехта з замежнікаў. Пазней будзе бачна, адзначыў галоўны трэнер.
Карлас Алос Ферэр вызначыўся з канчатковым спісам гульцоў, выкліканых на матчы кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы УЕФА 2024 года супраць Андоры і Ізраіля
Ягор Пархоменка і Леанарда Маскара-Капілевіч упершыню атрымалі выклік у галоўную футбольную каманду краіны, адзначае прэс-служба БФФ. Выязны матч супраць Андоры пройдзе 9 верасня на „Нацыянальным” стадыёне ў Андора-ла-Велье. Ізраіль 12 верасня прыме нацыянальную зборную Беларусі на стадыёне „Блумфільд” у Тэль-Авіве. Збор галоўнай каманды краіны працягнецца з 3-га па 14-га верасня.
Футбалісты „Мінска” і „Нафтана” адкрыюць 19 тур чэмпіянату Беларусі
На футбольным чэмпіянаце Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі сёння адкрыецца праграма 19-га тура. У стартавым паядынку футбалісты „Мінска” згуляюць у Гарадзеі з наваполацкім „Нафтанам” (пачатак матча ў 20.00). На мінулым тыдні навапалачане разграмілі ў Віцебску сталічны „Энергетык-БДУ” 4:0, а іх супернікі не гулялі.
Яшчэ тры сустрэчы адбудуцца заўтра. У Бабруйску мясцовая „Белшына” прыме „Іслач” з Менскага раёна, футбалісты „Смаргоні” згуляюць на сваім полі з мазырскай „Славіяй”, а берасцейскае „Дынама” будзе супернічаць з гасцямі са „Слуцка”.
Беларускае Радыё Рацыя
