Шымановіч выйшла ў другі раўнд кваліфікацыі „Ралан Гарос”



На парыжскіх кортах „Ралан Гарос” працягваюцца кваліфікацыйныя паядынкі адкрытага чэмпіянату Францыі. У другім раундзе жаночых спаборніцтваў беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч перамагла францужанку Марга Руўруа на дзвюх тай-брэйках – 7:6 (7:0), 7:6 (7:4). У паядынку за трапленне ў асноўную сетку яе суперніцай будзе японская тэнісістка Маі Хонтама. Яшчэ адна беларуска Крысціна Дзмітрук сёння сустрэнецца са швейцаркай Сімонай Вальтэр. Беларус Ілля Івашка прабіўся ў чвэрцьфінальную стадыю турнір катэгорыі АТР-250 у швейцарскай Жэневе з прызавым фондам 562 тысячы еўра. У матчы 1/8 фіналу Івашка перайграў французскага тэнісіста Адрыяна Манарына – 6:4, 4:6, 6:3.

Касцючонак стаў галоўным трэнерам менскага „Юнацтва”

Галоўным трэнерам хакейнага менскага „Юнацтва” прызначаны Віктар Касцючонак, паведамілі ў прэс-службе сталічнага клуба. Пагадненне са спецыялістам разлічана на адзін сезон. Трэнерскую кар’еру Касцючонак пачаў у 2014 годзе менавіта ў „Юнацтве”, дзе працаваў памочнікам Міхаіла Захарава. Таксама Віктар Паўлавіч уваходзіў у трэнерскія штабы казахстанскай „Сарыаркі”, маскоўскага „Спартака” і ханты-мансійскай „Югры”. У 2019 і 2022 гадах Касцючонак станавіўся чэмпіёнам расейскай Вышэйшай хакейнай лігі. У мінулым сезоне спецыяліст працаваў памочнікам галоўнага трэнера ў хабараўскім „Амуры”.
У бытнасць гульцом Касцючонак выступаў за „Юнацтва”, „Ладу”, „Аўтамабіліст”, „Спартак”, „Амур” і менскае „Дынама” – хакеіст тройчы выйграваў нацыянальнае чэмпіёнства і аднойчы прызнаваўся лепшым абаронцам экстралігі.

„Энергетык”-БДУ да канца сезона будзе праводзіць хатнія матчы на гарадскім стадыёне ў Барысаве

Матч дзясятага тура чэмпіянату Беларусі „Энергетык”-БДУ – „Дынама-Брэст” пройдзе 27 траўня на гарадскім стадыёне Барысава. Старт баталіі ў 18.00. Пры гэтым сталічны „Энергетык”-БДУ да канца цяперашняга сезона будзе прымаць сапернікаў на барысаўскім гарадскім стадыёне.

„Львоў”, які спыняе сваё існаванне, усё ж згуляе ў апошнім туры чэмпіянату Украіны

Футбольны клуб „Львоў”, які пасля заканчэння бягучага сезона спыніць існаванне, усё ж паедзе на свой заключны гасцявы матч цяперашняга чэмпіянату Украіны — супраць „Коласа” ў 30-м туры, паведамляе тэлеграм-канал ТаТоТаке. Раней паведамлялася, што львавяне планавалі згуляць толькі два бліжэйшыя хатнія паядынкі — супраць „Чарнаморца” і „Інгульца”. Аднак кіраўніцтва клуба прыняло рашэнне адправіць каманду і на матч 30-га тура з „Коласам”. Адзіны нюанс—з прычыны эканоміі сродкаў плануецца, што футбалісты выедуць у Кавалёўку раніцай у дзень матчу.
Цяпер гульцы „Львова” разлічваюць атрымаць заробак за красавік. Пытанне аплаты іх працы ў маі застаецца адкрытым. Нагадаем, астатнія матчы не маюць для „Львова” ніякага турнірнага значэння: каманда страціла нават тэарэтычныя шанцы захаваць прапіску ў прэм’ер-лізе.

Хордзі Альба пакіне „Барселону” ў канцы цяперашняга сезона

Абаронца „Барселоны” Хордзі Альба пакіне каманду ў канцы сезона. Афіцыйная аб’ява аб сыходзе 34-гадовага абаронцы чакаецца ў бліжэйшы час. Іспанец з’яўляецца выхаванцам „Барселоны”, адзначае sport-express.ru. У 2012 годзе Альба вярнуўся ў клуб з „Валенсіі”. Ён правёў 458 матчаў за каталонцаў, забіў 27 мячоў і аддаў 99 галявых перадач.

Беларускае Радыё Рацыя