Шынкевіч вярнуўся ў менскае «Дынама»
Беларускі хакеіст Ілля Шынкевіч вярнуўся ў менскае «Дынама» з іншага клуба КХЛ, падмаскоўнага «Віцязя», за які абаронца выступаў апошнія тры сезоны, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе сталічнай дружыны.
30-гадовы абаронца зборнай Беларусі падпісаў з «зубрамі» аднабаковы кантракт тэрмінам на адзін год. Да таго як апынуцца ў «Віцязі», Ілля Шынкевіч выступаў за менскую каманду на працягу шасці сезонаў. Усяго на рахунку хакеіста 326 матчаў у КХЛ, у якіх ён набраў 38 ачкоў (11 шайбаў + 27 перадач). У складзе нацыянальнай зборнай Ілля Шынкевіч прыняў удзел у чатырох чэмпіянатах свету.
Вопыт у КХЛ, НХЛ і АХЛ, зарплата ад 10 тысяч рублёў – «Дынама» шукае новага трэнера
На сайце дзяржаўнай службы занятасці з’явілася вакансія трэнера менскага «Дынама». Клуб прапануе сталую працу на стаўку. Ад кандыдата патрабуецца досвед працы ў КХЛ, НХЛ і АХЛ і агульная сярэдняя адукацыя. Зарплата – ад дзесяці тысяч рублёў. На дадзены момант у трэнерскі штаб Крэйга Вудкрафта ўваходзяць Міхаіл Грабоўскі, Павел Перапехін, Андрэй Мезін і Адрыен Вальва.
Бразільскі паўабаронца перайшоў у менскае «Дынама»
Бразільскі паўабаронца Сілас папоўніў шэрагі сталічнага футбольнага «Дынама». 24-гадовы Араужо да Сілва Сілас зʼяўляецца выхаванцам акадэміі «Інтэрнасьёнала». Улетку 2017-га года ён падпісаў кантракт з луганскай «Зарой», дзе выступаў да восені 2019-га года. За гэты час Сілас прыняў удзел у 60-ці матчах і забіў 6 мячоў, аддаўшы 4 выніковыя перадачы. У сезоне 2017/2018 у шэрагах украінскага клуба ён правёў 5 сустрэч на групавым этапе Лігі Еўропы і запісаў на свой рахунак 1 гол. У мінулым сезоне бразільскі хаўбек на правах арэнды выступаў за ізраільскі «Іроні». Там ён правёў 20 паядынкаў і не адзначыўся выніковымі баламі. У менскім «Дынама» Сілас будзе выступаць пад 96-м нумарам. Таксама паўабаронца Аляксей Бутарэвіч папоўніў шэрагі сталічнага клуба. Год таму ён перабраўся ў «Смалявічы» і стаў срэбраным прызёрам розыгрышу першай лігі мінулага сезону. Усяго за клуб з Менскай вобласці Бутарэвіч згуляў 32 паядынкі, у якіх набраў 3 (2 + 1) ачкі. Пасля 16 тураў чэмпіянату Беларусі футбалісты менскага «Дынама» займаюць сёмае месца, набраўшы 23 ачкі. Свой наступны паядынак сталічныя дынамаўцы правядуць 12 ліпеня на сваёй арэне супраць «Мінска».
«Манчэстар Юнайтэд» разграміў «Астан Вілу» ў матчы АПЛ
У матчы 34-га тура ангельскай Прэмʼер-лігі «Астан Віла» прайграла «Манчэстар Юнайтэд» з лікам 0:3. Сустрэча адбылася ў Бірмінгеме на стадыёне «Віла Парк». Лік быў адкрыты ў сярэдзіне першага тайма – на 27-й хвіліне аўтарам забітага мяча стаў Бруна Фэрнандэш, які рэалізаваў 11-метровы. У канцоўцы тайма перавагу манкуніянцаў павялічыў Мэйсан Грынвуд з перадачы Антані Марсьяля. У другім тайме лік да буйнога давёў Поль Пагба з перадачы Фэрнандэша. «Манчэстар Юнайтэд», набраўшы 58 ачкоў, займае пятае месца ў турнірнай табліцы ангельскага нацыянальнага чэмпіянату.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: hcdinamo.by