Сіднэй: Аляксандра Сасновіч выйшла ў чвэрцьфінал
Другая ракетка Беларусі і 33-я свету Аляксандра Сасновіч выйшла ў чвэрцьфінал саліднага тэніснага турніру ў аўстралійскім Сіднэі.
Суперніцай беларускі ў 1/8-й была малаведамая аўстралійка карэйскага паходжання Прысцыла Хон (161-я ракетка свету).
У першым сеце ў Сасновіч літаральна ўсё валілася з рук, яна элементарна не магла перабіць мячом сетку. Першая партыя скончылася імклівым „абаранкам” – 0:6. Катастрафічна пачынаўся і другі сет – 0:2. І толькі пасля гэтага з беларускай адбылася прыемная метамарфоза і яна загуляла на сваім роўні. Другую партыю ў выніку Аляксандра выйграла з лікам 6:3.
У трэцім сеце спярша ішло напружанае змаганне, але адчувалася, што Сасновіч свайго ў гэты дзень ужо не ўпусціць. Урэшце Аляксандру „прабіла” нават на эйсы, што істотна палягчала браць сваю падачу. Партыя завяршылася з лікам 6:3 на карысць Сасновіч.
У чвэрцьфінале беларуска сустрэнецца з прадстаўніцай Швайцарыі Цімі Бачынскі.
Беларускае Радыё Рацыя