Сіднэй: Аляксандра Сасновіч выйшла ў паўфінал
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч, другая ракетка Беларусі і 33-я планеты выйшла ў паўфінал прэстыжнага турніру ў аўстралійскім Сіднэі.
У чвэрцьфінале Сасновіч упэўнена разабралася з прадстаўніцай Швайцарыі Цімеа Бачыньскі – 6:3, 6:3. Лік па партыях нават не адлюстроўвае сапраўднай перавагі беларускі, якая расслаблялася ў канцоўках сетаў. Так, у другой партыі Аляксандра была наперадзе 5:0, але потым „падарыла” суперніцы некалькі геймаў. З другога заходу Сасновіч усё ж упэўнена падала на матч.
Гэтая вікторыя дазволіць Сасновіч з панядзелка ўзняцца мінімум на 31-ы радок сусветнага рэйтынгу. Наперадзе – сіднэйскі паўфінал, дзе Аляксандра Сасновіч сустрэнецца з пераможцай пары Петра Квітава (Чэхія) – Ангелік Кербер (Германія).
Іншая беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова прабіваецца праз сіта кваліфікацыі на Australian Open.
У сустрэчы другога раўнда кваліфікацыі Гаварцова (на сёння 390-я ракетка свету) перамагла прадстаўніцу Люксембургу Мандзі Мінэлу (103-я ракетка) – 6:1, 1:6, 7:5. Матч доўжыўся 1 гадзіну 41 хвіліну.
У паядынку за выхад у асноўную сетку адкрытага чэмпіянату Аўстраліі Вольга пазмагаецца з японкай Місакі Доі (133-ы нумар WTA).
На Australian Open гарантавана выступяць чатыры беларускі: Арына Сабаленка, Аляксандра Сасновіч, Вера Лапко і Вікторыя Азаранка.
Беларускае Радыё Рацыя