„Слуцк” на хатняй арэне перамог „Мінск”



„Слуцк” на хатняй арэне перамог „Мінск” у матчы 12-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Лік сустрэчы – 1:0. Адзіны мяч забіў Павел Назаранка. „Цукровыя” з 10 ачкамі ідуць 12-мі ў табліцы, „гараджане” з дзевяццю баламі на 14-м месцы.

„Табол” адолеў „Окжэтпес”

У матчы 15-га тура чэмпіянату Казахстана „Табол” на сваім полі адолеў „Окжэтпес” (2:0). Беларускі форвард гаспадароў Міхаіл Гардзяйчук застаўся на лаве запасных, як і яго суайчыннік абаронца гасцей Уладзіслаў Касмынін. „Табол” займае другое месца, а „Окжэтпес” — восьмае.

Уладзіслава Калячонка выбрала «Фларыда»

Клубы НХЛ абралі двух беларускіх гульцоў на штогадовым драфце маладых талентаў. Капітан юнацкай зборнай абаронца Уладзіслаў Калячонак быў выбраны «Фларыдай» у другім раўндзе пад агульным 52-м нумарам. Гэта самы высокі пік сярод беларусаў за апошнія 16 гадоў. У 2003 годзе Андрэй Касціцын быў 10-м. Уладзіслаў Калячонак правёў сезон у лізе WHL, дзе набраў 29 (4 + 25) ачкоў у складзе клуба «Флінт».

У трэцім раўндзе пад агульным 91-м нумарам «Вашынгтан» абраў цэнтрфорварда Аляксея Пратасава. Ён стаў чэмпіёнам WHL ў складзе клуба «Прынц Альберт». У актыве беларуса 62 (23 + 39) ачкі ў 84 матчах.

Акрамя таго, у 3-м раўндзе пад 70-м нумарам «Нью-Джэрсі» абраў таксама абаронцу Данііла Місюлю – беларуса, які прыняў расейскае грамадзянства.

20 тысяч еўра чаявых ад Крышціяна Раналду

Нападнік „Ювентуса” і зборнай Партугаліі Крышціяну Раналду пакінуў 20 тысяч еўра чаявых супрацоўнікам курорта Коста-Наварына, дзе ён адпачываў з сям’ёй. Як паведамляе Corriere dello Sport, на грэцкім курорце партугалец і яго сям’я правялі сем дзён. Суткі знаходжання ў Коста-Наварына абыходзіліся 34-гадоваму нападніку „Старой Сіньёры” 8 тысяч еўра. Па завяршэнні адпачынку футбаліст пакінуў супрацоўнікам курорта каля 20 тысяч еўра чаявых за якасць абслугоўвання.

Беларускае Радыё Рацыя