«Слуцк» узначаліў турнірную табліцу



Адолеўшы на выездзе «Шахцёр» з лікам 2:1, «Слуцк» выйшаў на першае месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі па футболе. Каманда Віталя Паўлава набрала 10 ачкоў у пяці стартавых турах. «Белшына» і «Смалявічы», абмяняўшыся галамі з пенальці ў канцы матчу, згулялі ўнічыю – 1:1. «Слуцк» прабудзе лідарам найменш да матчу «Тарпеда» -БелАЗа, якое сустрэнецца з БАТЭ, а таксама да матчаў берасцейскага «Дынама» і «Славіі», якія згуляюць у гасцях з «Віцебскам» і «Іслаччу» адпаведна.

Гомельскі «Лакаматыў» і светлагорскі «Хімік» адкрыюць футбольны чэмпіянат Беларусі ў 1-й лізе

Футбалісты гомельскага «Лакаматыва» святкавалі буйную перамогу ў стартавай сустрэчы чэмпіянату Беларусі ў першай лізе. Гуляючы на сваім полі са светлагорскім «Хімікам», гамельчукі ўжо ў першым тайме тройчы засмуцілі брамніка гасцей, прычым хет-трык аформіў Дзяніс Казлоўскі. Пасля перапынку Павел Клянье і Ілля Шабанаў давялі справу да разгрому – 5:0.

«Валенсія» паскардзілася ва УЕФА на іспанскую федэрацыю футбола

«Валенсія» афіцыйна паскардзілася ва УЕФА на Каралеўскую іспанскую футбольную федэрацыю (RFEF). Нагодай для скаргі стаў прапанаваны федэрацыяй варыянт па размеркаванні іспанскіх каманд па еўракубках, калі сезон-2019/20 не будзе дагуляны. Федэрацыя прапанавала аддаць месцы ў Лізе чэмпіёнаў бягучай чацвёрцы лідараў – «Барселоне», «Рэалу», «Севільі» і «Рэалу Сасьедад», а ў Лізе Еўропы – «Хетафе» і «Атлетыка». Яшчэ адным удзельнікам Лігі Еўропы можа стаць «Атлетык», які разам з «Рэалам Сасьедад» з’яўляецца фіналістам Кубка краіны. «Валенсія» займае ў турнірнай табліцы Лі Лігі сёмае месца і лічыць, што павінна атрымаць дадатковае месца ў Лізе Еўропы замест «Атлетыка», калі фінал Кубка Іспаніі так і не будзе згуляны.

Дзеля Неймара і Лаутара Марцінэса «Барселона» гатова расстацца з кім заўгодна, акрамя Месі і яшчэ двух гульцоў

«Барселона» акрэсліла гатовасць часцей уключаць футбалістаў у трансферныя здзелкі ў бліжэйшае трансфернае акно. У планах каталонцаў набыць нападніка «Інтэра» Лаутара Марцінэса і Неймара з «Пары Сэн-Жэрмэн». Таксама «Барса» зацікаўлены ў трансферы правага абаронцы, цэнтральнага абаронцы і цэнтральнага паўабаронцы.

У «Барселоне» разумеюць, што з-за крызісу, выкліканага пандэміяй каронавірусу, клубу для рэалізацыі трансферных планаў давядзецца альбо прадаваць гульцоў, альбо ўключаць іх у здзелкі. Адзінымі гульцамі, з якімі «Барса» гарантавана не расстанецца ў наступнае трансфернае акно, зʼяўляюцца форвард Ліянэль Месі, брамнік Марк-Андрэ Тэр Штэген і хаўбек Фрэнкі дэ Ёнг.

Беларускае Радыё Рацыя