«Смалявічы» – «Дынама-Брэст» – 3:3



У першым тайме пасля аўтаголу на 3-й хвіліне наперад выйшлі берасцейцы. А на 42-й хвіліне дынамаўцы падвоілі сваю перавагу. Аднак у другім тайме сітуацыя імкліва перамянілася – на 56-й хвіліне лік быў ужо 2:2.

На 79-й хвіліне цудоўным далёкім стрэлам Бутарэвіч вывеў наперад „Смалявічы”. Але вельмі хутка з пенальці Гардзяйчук параўняў лік – 3:3. Вясёлая сустрэча завяршылася баявой нічыёй.

***

У 19:00 на стадыёне «Азёрны» ў Смалявічах стартуе гульня 16 тура чэмпіяната Беларусі па футболе ў Вышэйшай лізе. Сустрэнуцца мясцовы клуб з аднайменнай назвай і дзейсны чэмпіён Беларусі ФК «Дынама-Брэст».

– У выніку паразы ў заходнім дэрбе ад гарадзенскага “Нёмана” “Дынама-Брэст” спусцілася на шосты радок у турнірнай табліцы і зараз адстае ад лідара БАТЭ на 5 пунктаў. Акрамя таго па інфармацыі спартыўнага сайта by.trybuna.com стала вядома, што ў берасцейскім “Дынама” назіраецца ўспышка каронавіруса. Заражаны не менш трох футбалістаў, якія выходзілі на гульню з “Нёманам”. Сярод іх Аляксандр Наёк, Дзяніс Лапцеў і Усевалад Садоўскі. Вядома таксама, што каронавірус выяўлены ў некаторых супрацоўнікаў клуба. У прэс-службе берасцейскага “Дынама” адмовіліся каментаваць сітуацыю, патлумачыўшы, што на ўсе пытанні пасля гульні са “Смалявічамі” адкажа галоўны трэнер Сяргей Кавальчук.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя